Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 53

Васіль Быкаў

— Не бойцеся! Не панесяце. Яго заставіце.

Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, а то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.

17

Добра-такі адышоўшыся па хмызняках ад Круглян, яны набрылі на сцяжыну ў мяшаным з альхой старым ельніку. Здаецца, тут недзе павінен быў пачынацца Грыневіцкі лес — знаёмая, бяспечная мясціна, іх партызанская парафія. Стала спакойней, пра даганятых ужо не думалі. У ельніку панаваў моцны, амаль спіртовы настой вогкай вясновай прэласці і смалы, вільготны імшарысты дол туліўся ў стракатай ад сонечных блікаў засені; лапчастае голле ялін, пагойдваючыся, звыкла шумела ўгары.

Ледзьве прыкметная ў імшарыне сцяжынка вывела іх на старую, закінутую дзялянку з колісь нарыхтаваным, ды так і не вывезеным кругляком — акрай шырокай прагаліны прыткнулася некалькі доўгіх штабялёў аброслай мохам рудастойкі. Апрэлая кара разлезлася, у пацямнелых ад часу камлях жаўцелі выдзеўбаныя дзятламі ямкі.

На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі.

— Прывал!

— Фу, цёпла! — згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам сунуўся ў засень пад штабелем.

Брытвін спярша зняў дзягу, расшпіліў усе гузікі на гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.

Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў пад штабель.

— Далёка яшчэ топаць? — запытаў Брытвін.

— Не так каб далёка. Троху пройдзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, — пачаў прыкідваць Даніла.

— Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?

— Кіламетраў? Каб не салгаць… Не многа засталося.

Брытвін асуджальна пакруціў галавой:

— Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.

Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды — рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэба пашукаць дзе ручай.

— Ну, што ж, тады дзёрнем! — задаволена сказаў Брытвін.

— Зарабілі, — ухмыльнуўся Даніла. — Ёсць за што.

Брытвін варухнуў сумку.

— А там жа і закусь была. Ану, даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.

Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.

Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска ножык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.