Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 58
Васіль Быкаў
— Брытвіну аперацыю рабіць будуць. Хацеў, каб цябе прывялі.
Яшчэ чаго не хапала! Навошта яму ісці да Брытвіна — сварыцца хіба? Але сварка ўжо скончана. Цяпер слова — начальству, яно ўсё і вырашыць. У ягоных руках лёс Сцёпкі Тоўкача.
— Доктар казаў, мала не пацэліў, — прадаўжае тым часам Даніла. — Яшчэ б трохі — і капец!
Чорт з ім! Гэтая навіна Сцёпку і не радуе, і не засмучае. Зусім ён не цэліў. Каб цэліў, дык доктар, мусіць, не спатрэбіўся б.
— І гэта самае… — Даніла чагось азіраецца, хоць побач нікога няма, і трошкі цішэйшым голасам гудзіць над ямай: — Казаў, на цябе не злуецца. Ну, выпілі, ведама… Калі па-добраму, дык можна дамовіцца.
Сцёпка паднімае голаў. Ён шчыра здзіўлены.
— Гэта як?
— А так, значыць. Сказаць, што незнарок. Выпадкам аўтамат стрэліў. А пра Міцю таго маўчок. Узарвалі, і ўсё.
— Не ўжо! Пайшоў ён у адно месца.
— Гэта самае… Нядобра ты! — настойліва бурчыць Даніла. — Пра сябе падумай. А то прыедзе камісар…
— Хай едзе!
Даніла зверху ўважліва, нібы нават не разумеючы, глядзіць у яму. Сцёпка ўстае і ставіць парожні кацялок ля яго ботаў.
— Хай едзе. Я не баюся!
Даніла круціць галавой, уздыхае. Увесь яго заклапочаны выгляд сведчыць, што ён не ўхваляе хлопца.
Неўзабаве ён пачынае ўставаць, абсыпаючы ў яму зямлю, потым падбірае кацялок, папраўляе на плячы зброю. І Сцёпка толькі цяпер бачыць у яго свой ППШ. Значыць, ужо і ўзброіўся. Сцёпка сядае на ранейшае месца. Нешта цвёрдае і надзіва ўпэўненае ўжо авалодала ім і не саступае.
— Нядобра ты ўдумаў. Шкадаваць будзеш.
— За мяне не бойся.
— Ды мне што… Ось толькі абяцалі адпачынак, трое сутак. А цяпер…
Ён не дагаворвае, заклапочана пазірае ўбок, мусіць, на вартавога паблізу, і Сцёпка здагадваецца, што ён мае на ўвазе. Цяпер, калі яны не дамовіліся, мусіць, адпачынак у Данілы лясне.
І правільна, што лясне.
«Адпачынак за што? Хто сапраўды заслужыў яго, тых ужо няма. А гэтаму за якія заслугі?» — думае Сцёпка. Не, нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю.
Камісар справядлівы, ён зразумее.
Не можа таго быць, каб не зразумеў.
Хай едзе камісар!