Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 54
Васіль Быкаў
— Ну, а Тоўкач што — не згаладнеў?
Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку — другая была ўжо ў руках у Данілы.
Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.
— Атрава! І як яе паліцаі п'юць?
— А п'юць! І нічога. Пальзіцельна, кажуць, — жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі — не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа, і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала — ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.
— Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ, — сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок.
Сцяпан перастаў жаваць.
— Хто малы, а хто стары. Давай сюды!
— Сап'ешся яшчэ. П'яніцам будзеш.
— Не тваё дзела. Дай бутэльку!
— Гэта хай камандзіру, — раптам маслена заўсміхаўся Даніла. — Камандзір — ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!
— Ладна, дай і яму, — махнуў рукой Брытвін.
Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку — там было, мусіць, з паўшклянкі — і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.
— Глядзі ты! — здзівіўся Даніла. — Во моладзь пайшла!
Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.
— Ні павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! — бурчаў тым часам Даніла. — Раней гэтак не было.
— Што б вы рабілі без гэтай моладзі? — рэзка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. — Блох па хатах пладзілі б?!
Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.
— А ты нам не ўказ! Не камандзір, каб указваць.
— Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў? Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!
— Маё дзела. Не табе папракаць. Смаркач яшчэ!
— Будзе, не заядайцеся! — абарваў сварку Брытвін. — Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!
Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур'ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую танную прынаду яго не возьмуць.