Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 57
Васіль Быкаў
Наверсе, мяркуючы па гуках, нічога асаблівага не адбываецца, там з поўнай абыякавасцю да яго ідзе заўсёднае атраднае жыццё. І таму зусім нечаканы знаёмы голас прымушае яго здрыгануцца:
— Во дзе яны! Шукаў, шукаў…
— Чаго шукаць! Вунь кухня.
Сцёпка непрыемна сціскаецца ў камяк — гэта ўжо па яго, пэўна. Але чаму Даніла?
— Ну, дзе ён? Сядзіць?
У зямлі добра аддаюцца крокі, абодва з вартавым яны ідуць да ямы, і неўзабаве Сцяпан бачыць над сабой знаёмыя Данілавы касмылі. Ну, што яму яшчэ трэба?
— Во пасадзілі! Як ваўка. Га! На, есці прынёс.
У яму звешваецца на драцяной дужцы зроблены з нейкае бляшанкі кацялок, на краі яго свежы, трохі падсохлы пацёк куляшу. Пах ежы адразу забівае ўсе іншыя, затхлыя пахі ямы. Адчуўшы на хвіліну радасць, Сцёпка бярэ кацялок і заціскае яго між калень.
— Лыжка ёсць?
Лыжка ў яго ёсць, ён дастае яе з кішэні — сваю даўнюю алюмініевую карміцельку з коратка абрэзаным тронкам, выцірае пальцамі ад крошак і пачынае есці. Даніла сядае над ямай. Побач стаіць вартавы.
— Знаю я гэтага Брытвіна, — кажа ён. — Занудлівы, не дай бог. Вунь зімой Маланчука ў Падасінавіках застрэліў. Нібыта за парушэнне дысцыпліны. Нягоднік ён.
— Нягоднік, — лёгка згаджаецца Даніла, і Сцёпка ажно папярхаецца ад здзіўлення: глядзі, як хутка перамяніў думку! Ён коратка пазірае знізу ўгору: Даніла нетаропка ладзіць цыгарку — на яго касмылявым твары не разабраць што.
— Дык, кажуць, пабіліся? — пытаецца вартавы.
— Было, — няпэўна адказвае Даніла. Мяркуючы па яго настроі, расказваць, як і што адбылося ўчора, у яго няма ахвоты.
— На гэтай чортавай вайне ўсё бывае. Мабыць, ты, Барада, на закурку багаты?
— Дзе там! Ацяробкі сабраў.
— Дык бычка пакінеш. А то ўжо два дні не курыў — вушы апухлі… З такімі, як гэты Брытвін, лепей не заядацца. Ну іх. Што нам — болей за ўсіх трэба?
— Пэўне. Нашто проціў ветру рукамі махаць? — пагаджаецца Даніла, напусціўшы ў яму дыму.
Размова не клеіцца, вартавы чакае «бычка», і Даніла з прагнай асалодай дацягвае цыгарку.
— На, куры.
Кончыкамі пальцаў вартавы асцярожна бярэ з Данілавых кіпцяў акурак і адыходзіць — ягоны цень слізгае па Данілавых ботах. Сцёпка выскрэбвае кацялок. Кулеш смачны, але малавата, з'еў бы і болей.
— Ну, пад'еў?
Сцёпка маўчыць: што яму размаўляць з чалавекам, ад якога немаведама чаго чакаць.