Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 56

Васіль Быкаў

Амаль не валодаючы сабой, Сцёпка ўскочыў на ногі, сашчэпленыя ў кулакі яго рукі дрыжалі, і ён задыхнуўся ад бяссільнага абурэння. Брытвін хвіліну сядзеў, нібы таксама збіты з панталыку ягонымі словамі.

— Ах, во як! — урэшце зразумеў ён і таксама ўскочыў на шынялі. — Здаць аўтамат!!

Цяпер ужо апешыў Сцяпан:

— Аўтамат? А ты мне яго даваў?

Брытвін памкнуўся да хлопца, але Сцёпка, апярэдзіўшы яго, з нетаропкаю ўпэўненасцю нагнуўся і ўзяў з долу свой новенькі, з лакіраванай ложаю ППШ.

— Здаць аўтамат! — гняўліва патрабаваў Брытвін.

— А хрэна вот!

— Ты што, блазнота! Выпіў, дык бунтаваць? Проці камандзіраў ісці?

— Ты не камандзір! Ты — жулік!

— Ах, так!

Стычка прымала новы абарот. З-пад штабеля са спуджаным тварам таропка і няспрытна ўзграбаўся Даніла. Брытвін, счакаўшы секунду, моўчкі павярнуўся і рашуча схапіў прыхінутую да бервяна яго трохлінейку. З ёй ён упэўнена сігануў да Сцёпкі.

— Не падыходзь! — крыкнуў Сцяпан і пад штабелем адступіў на адзін крок.

Але Брытвін і яшчэ сігануў з нарыхтаванай вінтоўкай у руках — увесь зацяты, напружаны і рашучы.

— Не падыходзь, кажу! — амаль з роспачнай лютасцю папярэдзіў Сцёпка і скінуў з пляча аўтамат. Ад шалёнасці і хвалявання ён цяжка, задышліва дыхаў, заходзячыся ў крыўдзе, што іх двое на яго аднаго.

Брытвін на момант спыніўся, самкнуўшы настырчаныя бровы, з лютасцю ў вачах, затым раптам шырока скочыў і апынуўся насупроць. Сцяпан тузануў рукаятку — затвор шчоўкнуў у цішы, стаўшы на баявы ўзвод. Дзеручы аб дравіны плечы, Сцёпка ціснуўся спіной да штабеля.

У азвярэлых вачах Брытвіна слізганула нерашучасць. Але зараз жа яны ўзгарэліся яшчэ большым шаленствам, ён зрабіў рэзкі выпад наперад і адначасна ўзмахнуў вінтоўкай. Сцёпка ўгнуўся, ды няўдала: боль электрычным ударам пранізаў яго ад скуляной шыі да пят, па плячах пацякло штось гарачае. Хлопец ледзьве не выпусціў аўтамат і сцяў зубы. Злосная крыўда пыхнула ў ім з новаю сілай, не сваім голасам ён крыкнуў: «Сволач!» — і, захліпнуўшыся, пырануў ад сябе аўтаматам. Кароценькая, у тры кулі чарга пругка пырснула ў лесавой цішыні.

Брытвін раптам выпусціў вінтоўку, угнуўся, абедзвюма рукамі схапіўся за жывот і, хістка ступаючы, пачаў хіліцца долу.

У гарачцы хлопец яшчэ нічога не паспеў зразумець — ён толькі адчуў, што сталася бяда, — як ззаду штось дыхавічна хакнула, і шырокія чужыя рукі сашчапіліся на яго грудзях. Сцёпка тузануўся, паспрабаваў вырвацца, але не хапіла сілы, і ён, тузаючыся і жахліва слабеючы, асядаў пад цяжарам, пакуль не ўваткнуўся тварам у імшысты дол.

— Блазнота! Страляць? Ах ты!..

— Вяжы яго! Рукі вяжы! — сіпеў побач плаксіва-разлютаваны голас.

Даніла без пільнай патрэбы помсліва крутануў яго на зямлі, болей падламаў рукі, каленам бязлітасна ціскануў у рэбры ніжай лапаткі — у хлопцавых вачах бліснуў і расплыўся жоўта-агнявы круг. Сцяпан захліпнуўся, але змаўчаў, з усяе сілы трываючы боль і задыхаючыся ад кіслага смуроду імшарыны, які раздзіраў яго грудзі.

18

А цяпер вось тут сядзі. Відаць, і сапраўды яго расстраляюць.

Сонца з-за яліны лагодна высвечвае адзін бок ямы — робіцца цяплей. Лес наўкола ваўсю поўніцца гукамі: чуваць, гамонячы, строіцца кудысь група партызан — мабыць, на чарговае заданне; хтосьці з пасыльных, аклікаючы па дарозе знаёмых, шукае начальніка гаспадаркі Кляпца; з другога боку адпрагаюць каня — бразгаюць кінутыя на дол аглоблі, і рыпіць хамут. Чуваць рэплікі і смех людзей. Новы вартавы не-не ды і падыдзе да ямы — мусіць, зазірне ў яе: на земляныя камякі ўскрайку тады кладзецца яго рэзкі зламаны цень і тут жа знікае. Хоць ён і суцяшаў Сцёпку, але, мабыць, размаўляць яму з арыштантам не хочацца, і хлопец адчувае гэта. Нейкая страхавітая адчужанасць ужо аддзяліла яго ад астатніх, колішніх яго суседзяў і таварышаў па атрадзе, і паставіла ў асаблівае становішча — крыўднае і пагрозлівае. Што ж, мусіць, ён вінаваты.