Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 52

Васіль Быкаў

— Кантузіла, ці што?

— Нічога не кантузіла, — буркнуў хлопец.

Няхутка бегучы, Брытвін трошкі затрымаў на ім свой прыдзірлівы позірк і шаснуў за куст. Выскачыўшы па той бок яго, загаманіў з задаволенай зухаватасцю ў тоне:

— Здорава, га? Гахнула, што, мусіць, у Круглянах шыбы павыскоквалі!

Даніла на бягу таксама павярнуў да яго свой касматы, з праставата-радаснай ухмылкай твар.

— Ну.

— Парадак у танкавых вайсках!

Яны радаваліся — што ж, было чаго. Сярод белага дня пад носам у немцаў ірванулі мост — хіба не падстава для радасці? Асабліва Брытвіну, ды і Данілу таксама.

Бег іх, аднак, пачаў выдыхацца, і неўзабаве Брытвін таксама перайшоў на крок, тым болей што наперадзе пачыналася поўнае вады лясное балотца, якое трэба было абысці. Даніла цяпер не выбіраў дарогі — кіраваў наўпрост, абы далей ад Круглян, глыбей у лясную глуш. Так было заўжды: галоўнае — паспець, пакуль не позна, як мага адысціся ад таго месца, куды цяпер кінуцца паліцаі.

Сцёпка даўно ўжо хацеў спыніцца, перавесці дыханне ды нешта зрабіць з ботамі, бо на кожным кроку чапляцца падэшвай аб дол стала пакутай. На правай назе да таго ж даўно ўжо балела пята — мабыць, нацёр да касці. Хлопец рашуча гэпнуўся ў дол, аберуч садраў бот, які ўжо зусім разваліўся, і, не ведаючы, як зладзіць з ім, са злосцю шпурнуў яго ў кустоўе. Потым тое ж самае зрабіў і з правым, шпурнуўшы яго ў другі бок. Сапрэлыя і дзіравыя анучы хлопец, устаўшы, раскідаў нагамі.

Наперадзе з ягонай вінтоўкай на плячы недаўменна азірнуўся Даніла.

— Гы! Што ты ўдумаў?

Сцёпка закінуў за плячо аўтамат, босым нагам стала куды як вольна і нязвыкла сцюдзёна ў сырым, непрагрэтым доле, трава закалола ў падэшвы, але не бяда. «Даўно б так», — падумаў ён з невясёлай палёгкай.

Даніла з Брытвіным, аднак, спыніліся. Барадаты партызан выглядаў яўна здзіўленым ягоным учынкам.

— Ці ты здурнеў? Нашто кінуў?

— Ідзі вазьмі!

І Даніла сапраўды палез у хмызняк, адшукаў яго левы, цалейшы, бот, з цікавасцю абмацаў падэшву.

— Харошы ж бот. Хіба каб саюзкі новыя. Кідае, ха!

— Ты навошта гэта? — пахмура павярнуўся да Сцёпкі і Брытвін.

— Бо рваныя. Не бачылі?

Даніла, аднак, улез у балота і дастаў другі бот. Падэшва ў ім зусім адвальвалася і вісела, ашчэрыўшы рад паржавелых, густа набітых цвікоў.

— Падрамантаваць каб, дык насіць можна.

Ён па-гаспадарску склаў боты ў адно і пачаў падпіхваць іх халявамі пад дзягу. Сцёпка спадылба кідаў непрыязныя позіркі на яго ладныя маслакоўскія кірзачы і ватоўку, амаль новенькую, нават яшчэ не замусоленую. Нічога не скажаш: прыбраўся Даніла на гэтым заданні. Хоць і не забіў ніводнага немца. Каму ляжаць у зямлі, а каму пашэнціла нават і прыфранціцца: глядзі, які ладны, нібы дэсантнік. Хіба што штаны саматканыя.

— Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.

— Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?