Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 51

Васіль Быкаў

Але гэты хлапчук штось зацямніў у ім, штось непраясненае, толькі крышку адчутае панёс з сабою з жыцця, пакінуўшы Сцёпку пытанне: як жа так? Мо таму, што ён нават не быў партызанам, падпарадкаваным абавязку ці сіле загаду, сам па сваёй ахвоце пайшоў на тую сваю пагібель і прапаў. Але чаму тады тут муляе нешта ненатуральнае і крыўднае? Быццам несправядлівае нават?

Калі Сцёпка таксама вылез з узлеску, тыя двое, пылячы раллёй, ужо беглі па ніўцы: у разоры Брытвін і ззаду, крокаў праз дзесяць ад яго, Даніла. Яны зноў не прычакалі хлопца, і ён проста не меў сілы дагнаць іх: схіл тут скончыўся, пачалася роўнядзь, бегчы стала цяжэй.

Усё ж ён бег, горка дыхаючы разяўленым ротам. Аўтамат яго вісеў пад пахай, і ён прытрымліваў яго рукою, не даючы біць дыскам аб бок. І тады ўспомнілася, як некалі ўзімку бадай гэтаксама яны беглі ад чыгункі па снезе: наперадзе Сцяпан, за ім Маслакоў, а група прыкрыцця сядзела ў ельнічку — да апошняй хвіліны, чакала, пакуль іх двое не прайшлі паласу расцяробу. Яны ўдвух выконвалі самае цяжкае: закладвалі міну, тузалі «вуду», і астатнія шанавалі іх за рызыку, беручы пасля выбуху ўсё на сябе. Такі быў парадак, партызанскі звычай, які свята выконвалі ў атрадзе; і толькі калі двое выйшлі з-пад агню, тады пабеглі ўсе разам. Гэтыя ж не маглі дачакацца нават у лесе. Балазе яшчэ ззаду не было даганятых, а то б ён даўно ўжо трапіў на іхнюю мушку.

Сцёпка зусім ужо прыставаў, і чым меней у яго заставалася сілы, тым большая прыкрасць паднімалася ўнутры — нібы яго знарок хацеў хто пакрыўдзіць. Ён, аднак, ведаў, што не знарок, што сапраўды хутчэй трэба змывацца, але не мог зладзіць са сваёй злосцю і, раптам спыніўшыся, крыкнуў:

— Стой вы!

Яны азірнуліся, убавілі кроку і, дасягшы кустоўя, трохі недаўменна прыпыніліся, бокам пастаўшы да яго.

Брытвін сцішана загаманіў, таксама не трымаючы злосці:

— Давай хутчэй! Ну, што ты грабешся, як баба!

Змораным крокам Сцёпка ўрэшце дагнаў іх. Ваўкавата тулячы позірк, хлопец, аднак, убачыў спатнелы твар Брытвіна, ажыўлены рызыкоўным азартам. Удачлівым, аднак, азартам.

— Не бачыў, не беглі? — запытаў Брытвін, калі ён падышоў бліжэй.

Сцёпка знарок не адказаў — ён проста не мог размаўляць з імі і нават глянуць у іхнія вочы — яго даймала пытанне: «Дзе вы былі?» Ён адчуваў сябе абдураным, бо амаль паверыў ужо ў Брытвіна, яго валявую рашучасць і ўмельства і нават схіляўся да таго, каб аддаць яму перавагу над Маслаковым.

Нарэшце яны ўтрох разам ступілі ў негусты тут, дробненькі параснік. Бегчы па ім было лёгка, толькі шорхала пад нагамі прэлае лісце ды пахруствалі апалыя галінкі. Праз хвіліну Брытвін зноў азірнуўся на Сцёпку.