Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 43

Васіль Быкаў

Даніла з Сцёпкам маўчалі. Адхінуўшыся ад смярдзючага дыму, Даніла ўсё моршчыў расчырванелы, у чорным валассі твар, адным вокам пазіраючы на ўзрыўчатку. Сцёпка ж дбайна напякаў зямлю, роўным кругам расклаўшы на доле цяпельца. Трава навокал яго шырока абгарэла. Аднак касцёр дагараў: канчаўся сушняк. Хлопец паскідаў у сярэдзіну канцы-галавешкі, якія ціха курэлі апошнім агнём.

Устаўшы са свайго месца, да яго падышоў Брытвін. Распяразаны, у ботах і ладным, хоць і пацёртым, цёмна-сінім галіфэ, ён выглядаў цяпер нібы сапраўдны кадравы камандзір, хіба што без знакаў адрознення.

— Ну, пажалуй, нагрэлася. Давай адграбай. Барада, нясі рэшту сюды. Падбяры з краёў.

Сцёпка голлем старанна адмёў у адзін бок прысак, і яны насыпалі на пыльную гарачую выгарыну нятоўсты слой аманіту.

— Так. Хай грэецца. І мяшай, мяшай, няма чаго глядзець!

Цяпер настала Сцёпкава чарга задыхацца і плакаць ад смярдзючай едкасці. Разы два, не стрываўшы, ён ажно ўцякаў падалей глынуць чыстага паветра. Брытвін адышоўся ў надветраны бок і зноў усеўся на сваім пакамечаным шынялі.

— Але гэта што, — лагодна казаў ён, усё яшчэ ва ўладзе сваіх успамінаў. — Гэта што! Во ён у круглянскай паліцыі выкінуў фокус. Гэта ўжо зусім дзіва. Самая бязглуздая дурасць.

— Казалі, гэта самае, бытта павесілі яго? — спытаўся Даніла.

— Ну. Павесілі. Прапаў нізашто. А Шусцік, каторы з ім папаўся, той і цяпер у Ягорава бегае. Пусцілі. Спярша думалі: хлусіць. Думалі: завербавалі. Ды праверылі праз сваіх людзей — не, праўда, Шусціка пусцілі, а Ляховіча павесілі. І, думаеш, за што? За прынцып.

— Як гэта? — не зразумеў Сцёпка.

— А так. Злапалі іх у Пракопавічах на начлезе. Як гэта сталася — не ведаю. Факт: прывезлі ў мястэчка ў паліцыю і здалі. А начальнікам паліцыі там быў адзін прыблуда з белагвардзейцаў. Знюхаўся некалі, ну, і служыў, хоць і з партызанамі заігрываў — вядома, свае разлікі меў. Во яшчэ піў здорава. Расказваюць: хоць шнапсу, хоць чыміргесу — кварту за раз кульне, і ніякай закусі. А пісталет дастане і за дваццаць крокаў у курыцу — цюк! Галава прэч, і рэзаць не трэба.

Дык гэты паліцай, мабыць, змікіціў, хто такія, а віду не падаў, павёў да шэфа. А шэф такі стары ўжо немец быў, сівы і трохі з прыдурам — усё баб каціным крыкам палохаў. Бабы наўцёк, а ён рагоча. Лічылі яго дурнаватым, але калі справа даходзіла да экзекуцыі, не пудлаваў. Звераваў нароўні з усімі.

Дарэчы, гэты Ляховіч з Шусцікам, калі іх бралі, аружжа сваё недзе прыхавалі, сказалі: маўляў, акружэнцы па вёсках хадзілі, на хлеб зараблялі. Невядома, што белагвардзеец шэфу далажыў, але той паставіўся не строга, Шусціку толькі даў палкай па горбе. Паліцай і кажа: «Кланяйцеся, прасіце пана шэфа, можа, даруе». Шусцік, як расказвалі, не чакаў угавораў, адразу немцу ў ногі, ілбом як грукне ў падлогу, ажно гузак ускочыў. Паліцаі, іх некалькі чалавек было, ухмыляюцца; немцу прыемна, рагоча. «Прызнаеш власць вялікага фюрэра нямецкага народа Адольфа Гітлера?» — «Прызнаю, — кажа, — паночку, як не прызнаць, калі ўвесь свет заваяваў». Гэта спадабалася, немец паказвае на Ляховіча: а той, маўляў, прызнае? Паліцай перакладае, а ён маўчыць. Маўчаў, маўчаў, а пасля кажа: «На жаль, я не магу гэтага прызнаць. Гэта не так». Немец не разумее, паглядае на паліцая. Паліцай шыпіць: «Не прызнаеш — памрэш сёння ж!» — «Магчыма, — адказвае, — але памру чалавекам, а ты будзеш жыць скацінай». Хлёстка, праўда? Прыгожа, як у кіно, ды што карысці. Немец без перакладчыка здагадаўся, у чым справа, і як гыркне: «Аднаго вэк, другога на вяз!» На вязе тым вешалі. Павесілі і Ляховіча. Ну, хіба не дурань?