Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 44

Васіль Быкаў

14

Як паставіцца да гэтай гісторыі, Сцёпка не ведаў: калі верыць Брытвіну, дык Ляховіч сапраўды дурань — які там прынцып у адносінах з немцамі. Мусіць, трэба як мага хітрыць, каб абдурыць іх, бо, не абдурыўшы, не паб'еш — паб'юць яны. А яны літасці не знаюць, для іх усе сродкі здатныя, абы перамагчы. Аднак гняўлівая рэзкасць Брытвіна ў асуджэнні Ляховіча ўвогуле спадабалася Сцёпку, і ён з маўклівай задаволенасцю падумаў, што Брытвін — не Маслакоў; гэты, мабыць, свайго дабіцца ўмее. Пойдзе сам і пагоніць усіх на мост, Міцю таксама. Але што ж, калі трэба, дык трэба. Зусім магчыма, што ім прыйдзецца сербануць ліха, і хай. Толькі б удалося.

Стоячы на кукішках, ён старанна памешваў аманіт, які хоць і смярдзеў — аж блажыла, але нібыта сох. Узяўшы адзін драбок з тых, што былі найбольш мокрыя, хлопец, бы гарачы вугольчык, перакінуў яго з далоні на далонь, паспрабаваў раструшчыць. Дзе там: спёкся, як камень.

— Высах ужо.

— Ладна, хай яшчэ паляжыць, — сказаў Брытвін. — Не зашкодзіць. Усё роўна Дзмітра няма.

Над ровам ужо ўспаўзло сонца; узровак, край прагаліны і кустоўе над ёю ярка заззялі ў святле; патроху стала цяплець. Брытвін санліва расцягнуўся на шынялі, паглядзеў у высокае, з рэдкімі аблокамі неба.

— Значыць, так, — раптам сказаў ён і сеў. — Эй, Барада, шчэ храпець пачнеш!

Ён штурхануў нагой залапленае калена Данілы, той расплюшчыў сонныя вочы і, паволі заварушыўшыся, таксама сеў.

— Значыць, так. Некаму трэба падабрацца да моста. Кусцікі там ля ракі, я ўчора бачыў: падход харошы. Задача: у случаі чаго падтрымаць агнём. Хто пойдзе?

Даніла, відаць было, адразу пазбыўся сну і маўкліва ўтаропіў кудысь у дол свой позірк: мабыць, думаў, што б гэта для яго магло значыць. Сцёпка таксама маўчаў: навошта напрошвацца самому? Справа тая, мусіць, не дужа вясёлая; каго пашлюць, той і пойдзе.

— Так, — сказаў Брытвін. — Ну, тады ты, Тоўкач. Падкрадзешся і замры. Паняў?

Сцёпка маўчаў. Ён быў гатовы, калі гэта выпала на яго долю. Хоць тое, што Брытвін цяпер звярнуўся іменна да яго, маленькай крыўдай закранула хлопца. Ён усё ж не падаў выгляду, нібы нічога і не меў супроць. Тым не менш Брытвін нешта, мабыць, заўважыў.