Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 41

Васіль Быкаў

— Давай сюды! — прыпыніў хлопца Брытвін. — Бяры і падкладвай, каб зямля грэлася. Будзем аманіт смажыць.

Падкладваючы ў агонь, Сцёпка з прыцішанаю асцярогай пазіраў, як яны там, на выгаралай чорнай плешыне, разаслалі распоратую ўдоўж тарбіну і ссыпалі на яе раскрышаныя жаўтлявыя камякі аманіту. Неўзабаве ад гэтых камякоў пацягнула парай і нейкім удушлівым, рэзкім смуродам. Даніла жмурыў вочы, а пасля, кінуўшы ўсё, пачаў аберуч церці іх.

Брытвін грубавата падбадзёрваў зводдаль:

— Нічога, нічога! Жывы будзем! Хіба вошы падохнуць.

— А хай яго! Як усё роўна цыбуля!

Наўсцяж па рове папоўз удушлівы серны смурод; добра, што ранішні ветрык гнаў яго, як і дым, нізам, па ручаі; на адным краі прагаліны можна было трываць. Цяпер справа была за часам. Пазіраючы, як сохне на гарачым подзе іхняя ўзрыўчатка, Брытвін з Данілам селі ўбаку, і Даніла ўзяўся за сумку.

— Ты, ідзі сюды! — паклікаў Брытвін.

Сцёпка рабіў выгляд, што заняты вогнішчам, і яшчэ паклаў туды дзве галіны, хоць зноў пакутна глынуў сліну.

Брытвін зласнавата гукнуў:

— Ну што — прасіць трэба?

Знарок нетаропка, бы нехаця, ён падышоў і атрымаў з Данілавых рук цвёрды ражок акрайца.

— І давай палі. Гэты астыне — на той перакладзём. А то скора Дзмітры прыедзе, — гаманіў Брытвін.

Сцёпка вярнуўся да вогнішча і незаўважна праглынуў усё — хлеб быў такі смачны, што, здавалася, з'еў бы ўвесь акраец. Падкладваючы ў агонь галлё, ён неўпрыцям кідаў позіркі на іх двух. Аманіт у грудцы на мяху, здаецца, памалу сох, быццам і смярдзеў ужо меней. Раз-поразу Даніла памешваў яго палкай, Брытвін, назіраючы за ім, гаманіў:

— Мы ім зробім салют! Харашо, гэты хлопец папаўся. Хлопец — находка. Ану, давай паварочай сярэдзіну!

— Ай-яй, хай ён згарыць! — хутка заенчыў Даніла, адварочваючы твар і смешна моршчачы таўставаты, бульбінай нос.

З рудаватых грудак зноў заструменіў жоўты смярдзючы дым.

— Нічога, не смяртэльна. Затое грукне, як бомба.

— Каб жа хоць грукнула! — Даніла кінуў палку і абедзвюма рукамі пачаў церці вочы.

— Грукне, а як жа! Гэта вам не банка бензіну… Смехата: каністрай бензіну захацелі мост знішчыць! А яшчэ казалі: Маслакоў — вопытны падрыўнік. Падрыўнік ён, аказваецца, ліпавы. Пабег, як дурань, завідна… На што разлічваў? Без разведкі, без апоры на мясцовых! Без мясцовых, брат, не шмат зробіш. Гэта точна.

— А можа, ён не хацеў нікім рызыкаваць, — азваўся зводдаль Сцёпка.

— Рызыкаваць? Знаеш ты, разумнік, што такое вайна? Спрэс рызыка. Рызыка людзьмі. Хто разумней рызыкуе, той і пабяждае. А хто ў розныя там прынцыпы гуляе, той вунь дзе! — Брытвін паказаў на прагаліну. Твар яго расчырванеўся, стаў злы, і Сцёпка пашкадаваў, што не змоўчаў: сварыцца з Брытвіным цяпер не хацелася.

— Ты зялёны яшчэ, дык я табе скажу: слухаць старэйшых нада, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Вунь у нас прошлай зімой адзін балван таксама ў благародства надумаў сыграць, ледзь таварыша на той свет не адправіў. Бач, прынцып яго заеў!