Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 42

Васіль Быкаў

13

Брытвін адышоў за тры крокі ад агню і сеў, падкурчыўшы перад сабой ногі.

— Цярпець не магу гэткіх разумнікаў. Проста злосць бярэ, калі пачую, як каторы вылупляецца. Трэба дзела дзелаць, а ён пачне рассуждаць: так ці не так, правільна — няправільна. Не дай бог, калі хто нявінны пастрадае! Пры чым нявінны — вайна! Надта немцы вінаватых шукаюць? Яны, знай, б'юць! А мы рассуждаем: добра, нядобра… Быў адзін такі. У Капылова. Можа, хто помніць — усё ў акулярах хадзіў?

— У нямецкім шынялі? Худы такі, га? — запытаўся Даніла.

— Да, худы. Здыхлаваты чалавек, не так і малады, настаўнік, здаецца. Не, не настаўнік — інспектар райана. Вось забыў яго фамілію: не то Ляховіч, не то Ляўковіч. Я яшчэ ўвосень кацялок яму трафейны даў — свайго ж не меў, вядома. А акуляры ў яго на драцінках замест дужак, адно шкло трэснута. І то сляпы. Перш чым што ўбачыць, доўга ўглядаецца. Вочы вылупіць і глядзіць-глядзіць. Адзін раз на пераездзе на немцаў наткнуліся, абстралялі і цікаць. А ён стаіць на каленях і ўзіраецца. «Не можа быць, — кажа, — каб гэта немцы». — «Цікай, — крычу, — пакуль кулю ў зад не ўсадзілі!» Не, пакуль не ўбачыў, як за будкай перабягаюць самыя стопрацэнтныя фрыцы з аўтаматамі, не пабег.

Не чалавек, а недацёпа, яй-богу. А так, здаецца, і не дурны, вышэйшая адукацыя. А можа, усё гэта праз адукацыю? На вайне яна непатрэбна. Раз паслалі яго ў Гумялёва нейкага тамашняга паслугача прыкончыць. Чаму яго? Бо знаёмыя там былі ў яго, сувязі. Вабшчэ, у тых месцах сувязі ў яго былі крэпкія. У кожнай вёсцы свае. І да яго няблага адносіліся. Ніхто не прадаў ні разу, пакуль сам не ўскочыў. Ну, але гэта пазней ужо, зімой. А тады пайшоў з напарнікам. Напарнікам быў Сураў, акружэнец. Рашучы хлопец, але трохі таго, за гальштук любіў закінуць. Потым ён вярнуўся і адмовіўся болей з гэтым хадзіць. Дурны, кажа, або кантужаны. Тады гэты Ляховіч так удала ўсіх абышоў (жанчына там адна памагла), што да гэтага запраданца проста на кватэру з'явіўся. У кішэні парабел, дзве гранаты, аховы ў двары ніякай. Напроці на лавачцы Сураў сядзіць, семкі лускае — страхуе, каб не перашкодзілі.

І што ж думаеце: хвілін праз пятнаццаць вывальваецца, разводзіць рукамі — маўляў, не выйшла. У лесе ўжо расказаў, як было. Аказваецца, дзіця перашкодзіла. Разумееце: паліцаяў абвялі, СД, гестапа, бабу яго (таксама, сучка, ва ўправе рабіла), а дзіця перашкодзіла. І дзіцю таму гады два. Апраўдваецца: з дзіцем на ложку сядзеў, карміў, і гэты дурань не наважыўся ў яго кулю ўсадзіць. Ну, гэта ж трэба! Вы чулі такое?

Не, мабыць, такога яны не чулі і не бачылі. Тым не менш тое, што абурала Брытвіна, не выклікала ў Сцёпкі ніякай рэакцыі. Наадварот, чымсь той Ляховіч нават здаўся яму сімпатычным.

Брытвін на хвіліну задумаўся, успамінаючы.

— А другі раз зноў канфуз выйшаў. Хадзіў недзе на жалезку, ды няўдала. Налезлі на фрыцаў, ледзьве з засады вырваліся. Далі кругаля, выйшлі на дарогу, усе злыя, як чэрці, — вядома, няўдача. І тут, мінаючы адну вёсачку, ужо ў партызанскай зоне, чуюць: у кустах гергочуць. Прыгледзеліся: немцы машыну з гразі штурхаюць. Вялізная такая крытая машына буксуе, а штук пяць фрыцаў уперліся рукамі, піхаюць, па баках не глядзяць. Ну, хлопцы, натуральна, узрадаваліся, кажуць: ударым! Ляховіч гэты — ён старшым быў — агледзеўся, памеркаваў. «Не, кажа, нельга. Вёска блізка». Маўляў, машыну знішчым — вёску агнём пусцяць. Так і не даў каманды. А немцы вывалаклі машыну, селі і газанулі.