Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 45

Васіль Быкаў

— У цябе ж аўтамат. Ці, можа, аўтамат Барадзе аддаць? Тады ён пойдзе.

— Не ўжо, не аддам.

Яны яшчэ пасядзелі хвілін пятнаццаць. Аманіт, мабыць, пачаў ужо астываць, як Брытвін ускінуў галаву — на ўзроўку з'явіўся Міця. Хапаючыся за вецце, хлопец імкліва збег аж да нізу. Брытвін ускочыў з трывогай на твары, але Міця, ажыўлены і спатнелы, усё ў тым жа чорным картовым пінжачку, супакоіў:

— Ну, усё гатова.

— Маладзец, — сказаў Брытвін. — Дзе падвода?

— Тут, у кусціках. Прыпазніўся толькі, але нічога.

— Так! — Брытвін азірнуўся. — Тоўкач, марш з ім да воза, з аднаго бітона малако вэк, бітон сюды. Колькі ў цябе бітонаў?

— Тры.

— Двух хопіць. Адзін пойдзе на міну.

Міця неяк з няёмкасцю пераступіў босымі нагамі.

— Тут от… паесці вам.

Аберуч ён выдраў з тугой кішэні нейкі пакунак, загорнуты ў чыстую кужэльную анучку, аддаў Брытвіну. А той толькі і ведаў, што хваліць ды з трохі фальшывай празмернасцю захапляцца хлопцам:

— Маладзец! Проста герой! Ну, дабро. На, Барада, у тваю сумку.

Даніла пачаў запіхваць сняданак у сумку, а Сцяпан з Міцем таропка падаліся на ўзровак.

Міця бег наперадзе. Яго босыя, пасівераныя пяткі рупна мільгалі па мокрай траве, невялічкая галава ў чорнай зашмальцаванай кепцы, бы ў вараняці, зырка снавала на шыі туды-сюды — праз радкаваты алешнічак было відаць далёка. Сцёпка, аднак, прывык ужо за ноч да рова і схілу і, як на знаёмай мясцовасці, амаль не адчуваў небяспекі.

Ён думаў над тым, што сказаў Брытвін, — стараўся зразумець яго план, але зразумеў не многа. Былы ротны ўсё нешта хітрыў з імі, намякаў, а па сутнасці — таіў ад іх сваю задуму — дзеля сакрэтнасці, ці што? Калі Сцёпку пасылаюць на прыкрыцце, дык, выходзіць, самі паедуць на мост? Але ці не мала будзе іх двох, каб зладзіць з аховай, якая цяпер, пасля ўчарашняга выпадку, мабыць, набралася пільнасці і, вядома, спаць у шапку не будзе. Зноў жа, паліцаі іх убачаць, мабыць, здалёк, і мала што ведаюць Міцю, але іншых могуць западозрыць і не падпусціць блізка. Тады што рабіць?

Гэты брытвінаўскі план з малакавозам ужо ў самым пачатку выглядаў не надта пераканаўча.

Рослік стаяў непадалёк, забіўшыся ў ляшчыннік разам з калёсамі, на якіх, увязаныя вяроўкамі, блішчалі белыя бакі трох бітонаў. Мабыць, недзе паблізу была дарога, бо Міця сцішана палашчыў прывязанага за куст каня і моўчкі ўскочыў у воз. Удвух яны ледзьве саставілі крайні бітон на зямлю. Пад рукамі цяжка боўтала, запахла сырадоем, статкам, і калі хлопец адчыніў вечка, Сцёпка ажно сумеўся: столькі малака трэ было выліць.

— Пі. Хочаш? — прапанаваў Міця.

Піць Сцяпан зусім не хацеў — хацеў есці, але цяпер не стрымаўся. Укленчыўшы, ён наглыкаўся, колькі змясціў ягоны пусты жывот, хоць асаблівае асалоды не адчуў: іншая справа, каб быў хлеб.

— Ну, што? Выліваем?

— Давай.

Яны нахілілі пасудзіну і, абліваючы белымі пырскамі ногі, пусцілі па траве духмяны малочны ручай. Падняўшы на сабе сухое лісце, галінкі, рознае лясное смецце, малако шырока расцяклося ў кустоўі.

Парожні бітон здаўся даволі лёгкім. Сцёпка ўзваліў яго на плячо і пашыбаваў у алешнік. Міця бег побач.