Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 40

Васіль Быкаў

— Давай! — прыспешыў Брытвін. — Мы чакаем. А тады дамовімся.

— Добра.

— Толькі глядзі: каб ніхто ні-ні!

— Ну.

— Ні адна душа каб не сніла, не бачыла. А не — дык…

— Знаю. Што я — не разумею? — гатовы быў пакрыўдзіцца Міця.

Невялічкі і рухавы, ён павалок за сабой на ўзгорак коніка, які, цяжка хакаючы, каторы ўжо раз адолеў круты касагор. Кусты хутка схавалі іх, недзе там пачулася ціхае «тпру», потым тупат капытоў па сцежцы.

Брытвін павярнуўся да Сцёпкі:

— Давай па галлё! Паболей. Сушыць будзем.

— Як сушыць? — заморгаў вачмі Даніла. — Ля агню?

— На агні! — адрэзаў Брытвін.

Даніла зусім знерухомеў.

— А гэта самае… не ўзарвецца?

— Не бойся. А ўзарвецца — не вялікая бяда. Ці жытухі шкада?

Замест адказу Даніла валюхаста пераступіў з нагі на нагу і пасунуў наперад сваю процігазную сумку. Там нешта грувасцілася, камякамі выпіраючы ў бакі, напяты раменьчык быў зашпілены на апошнюю дзірачку. Адшпіліўшы яго, Даніла дастаў ладны акрайчык хлеба.

— А, гэта маладзец. Здагадлівы.

— І во яшчэ, — задаволена буркнуў Даніла, варухнуўшы сумкай, з-пад вечка якой тырчала рыльца бутэлькі з самадзельнай папяровай затычкай.

— Атлічна! Толькі пасля. Не цяпер. Давай болей галля. Усе па галлё! — бадзёра камандаваў Брытвін.

Сцёпка, глытнуўшы сліну, раптам на ўсю глыбіню адчуў свой пусты жывот і з неахвотай адарваў позірк ад Данілавай сумкі, якую той асцярожна паклаў ля шыняля. Аўтамат ён, пэўна, не збіраўся аддаваць і нават не знімаў яго з-за спіны. Сцёпку гэта пачало не падабацца, і ён ступіў да Данілы.

— Аўтамат давай!

Даніла павярнуўся, зірнуў на хлопца, потым, бы шукаючы падтрымкі, — на Брытвіна.

— Ну, што глядзіш! Здымай, кажу!

— Ладна, аддай, — прымірэнча сказаў Брытвін.

Нехаця Даніла сцягнуў аўтамат цераз галаву, сапхнуўшы на траву шапку.

Яны палезлі на ўзровак, бо паблізу ўжо ўсё было падабрана за ноч, ламачча трэба было шукаць далей. Даніла ў акуратнай ватоўцы і ботах зрабіўся зусім не падобны на сябе ранейшага, у сялянскім адзенні і ў лапцях. Набыўшы нейкі не ўласцівы яму зухаваты, вайсковы выгляд, ён нібы памаладзеў, хоць па-ранейшаму не траціў страхавіта-пагрозлівага выразу свайго касмылявага твару. Але касмылявасць не была навіной, многія насілі бароды і вусы, асабліва старэйшыя.

Яны вылезлі з рова. Сцёпка трохі пакрыўджана маўчаў, Даніла, мусіць, адчуўшы тое, адсопся і запытаў:

— Міну тэй хлопец павязе?

— А я адкуль знаю?

— Брытвін не казаў?

— Мне не казаў, — буркнуў Сцяпан, не маючы ахвоты гаварыць з гэтым чалавекам.

Даніла дабрадушна згадзіўся:

— Гэты не скажа. Але я бачу…

«Бачыш, ну і ладна», — падумаў Сцёпка, забіраючы ў бок да яго. Яны разышліся па парасніку. За ноч трава ў доле трохі падсохла, лес таксама зрабіўся сушэйшы і болей прыветны, хоць сцюдзёныя кроплі не-не ды апякалі за каўняром скуру. Месцамі тут раслі елкі з бярозамі, і скрозь раскашаваў абмыты дажджом алешнік, у якім дзе-нідзе зелянелі густаватыя купкі ядлоўцу. Сушняку тут хапала. Сцёпка хутка назбіраў бярэма, прыхапіў за камель ссечаную сухую яліну, павалок за сабой.

Тым часам у рове на сярэдзіне прагаліны ваўсю ўжо гарэла новае вогнішча, у якое Брытвін кідаў прынесены Данілам сушняк. Даніла ж яловымі лапкамі, як памялом, размятаў затухлае начное вуголле.