Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 39

Васіль Быкаў

Міця першы падскочыў да каня, залашчыў яго, гладзячы па шыі. Рослік задаволена стрыг вушамі і касіў блішчастае вока на Сцёпку. Сцёпка, аднак, глядзеў на ўзровак, як і Брытвін: там, няпэўны яшчэ ў ранішнім паўзмроку, цяжка варушыўся Даніла. Спярша яны не зразумелі, чаму ён затрымаўся, а пасля ўбачылі ў яго, сагнутага, нейкую ношу ў руках.

Злезшы з узроўка, Даніла цяжка асадзіў долу амаль пад завязку напханы чымсь мех.

— Вось! Ледзьве давёз, халера. Мокры, ці што?

— Як мокры?

Брытвін быў ужо побач, абодва яны схіліліся над мехам. Даніла апусціўся на калені і кіпцюрамі пачаў калупаць тонкую вяровачку завязкі. Сцёпка, ды і Міця, ад якога не адступаўся Рослік, стаялі насупроць.

Тым часам ужо без агню стала відаць уся прагаліна — шэрая, як і ўсё ў гэты світальны час, з расплывістымі ценямі людзей, каня; змрок паволі спаўзаў пад кустоўе, да ручая; неба ўгары ўсё яснела густым вясёлым блакітам — ранак збіраўся быць сонечны.

Даніла развязаў мех.

— Што такое? — адразу вырвалася ў Брытвіна. Запусціўшы руку ў мех, ён дастаў адтуль жменю нейкіх жаўтаватых драбкоў, угледзеўся, нават панюхаў. Выгляд ягонага твару быў амаль што разгублены.

— Што ты прывёз?

— Ды гэта самае… Тол. Ці як яго…

— Якога хрэна тол? Аманіт? — сярдзіта запытаў Брытвін, шырэй разгортваючы край мяшка.

— Ну. Аманіт бытта. Так казалі.

— Дзярмо! Я думаў — тол. А гэтым што зробіш? Рыбу глушыць?

Даніла вінавата стаяў збоч, пашкроб за каўняром, потым пад ватоўкай, за пазухай.

— Казалі, бахае. Карчы ім на дзялянках ірвалі. Дык нейкую сілу мае.

Брытвін маўчаў — з яўным недаверам на твары ён даследаваў аманіт: адламаў дробку, раскрышыў яе ў пальцах, зноў панюхаў і зморшчыўся — ад паху ці ад расчаравання. Сцёпка, са спадзяваннем гледзячы на яго, пераборваў у сабе сумненне: няўжо не ўдасца? Так усё добра сышлося: і Міця, і ахова, няўжо ж падвядзе ўзрыўчатка?

— Падмочаны? Ну да. Зляжаўся, як гліна. Эх ты, галава калматая, купаў ты яго, ці што?

— Чаму купаў? У яме ляжаў — дык вільгаці набраўся.

Брытвін штось пашукаў наўкола вачмі.

— Ану, дай шынель!

Міця паслухмяна збегаў да вогнішча па шынелак, і Брытвін шырокім рухам распластаў яго на траве.

— Высыпай!

Даніла вываліў усё з меха — на шынялі аказалася ладная куча жоўтае, з камякамі мукі, ад якой курэла рудым смярдзючым пылам. Усе чацвёра абступілі яе, Сцёпка таксама памацаў некалькі сыраватых драбкоў, якія лёгка раскрышыліся ў пальцах.

— Ладна. Сушыць трэба! — падабрэла рашыў Брытвін. — Дзмітры, сядай на каня і дуй па малако. Дарога дзе?

— Якая дарога? — не зразумеў хлопец.

— Дарога, па якой возіш. Дзе, далёка адсюль?

— Не дужа каб. Можна выехаць. Па кусціках.