Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 35

Васіль Быкаў

— Так-так, — сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку. — А што ж у іх, ахрана стаіць?

— Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.

— Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! Ану, ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.

Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.

— Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць?

— Міця.

— Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?

— Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.

Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.

— Так-так, — штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. — Бачу, ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі… — ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. — Даніла, ану, па сакрэту!

Абодва яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.

— Ты казаў пра тол. Гэта дзе?

Даніла пераступіў ботамі, нявесела паглядзеў у хмызняк.

— Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.

— Гэта дзе? У Фралоўшчыне?

— Ну.

— Слухай, трэба падскочыць.

Не адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.

— Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, — пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту.

Брытвін, аднак, абарваў:

— Нічога! Сядай на каня і скачы.

Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця.

Даніла на хаду гучней ужо сказаў:

— Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!

— Бяры вінтар!

— Што вінтар! Аўтамат каб.

Брытвін спыніўся.

— Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!

— Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, — паныла сказаў Сцяпан.

Брытвін нецярпліва настояў:

— Кажу: дай аўтамат!

Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.

Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:

— І давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.

Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.

— Кажух мокры… Калі б вы далі ватоўку.

— На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну.

З маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.

11

Брытвін болей не сеў да вогнішча, ля якога цяпер гаспадарыў Міця, а пастаяў на прагаліне і, калі тупаценне каня сціхла на ўзроўку, падышоў да Сцяпана.