Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 34

Васіль Быкаў

Знарок са строгасцю ў тоне, як дарослы малому, Брытвін казаў падлетку:

— Ось так! Пабудзеш, пакуль захаронім. А тады шагам марш дадому. Панятна?

— Панятна, — ціха адказаў хлапчук.

— Як панятна, тады і ўвесь разгавор, — сказаў Брытвін, але, памаўчаўшы трохі, спытаў: — Табе колькі год?

— Пятнаццаць.

— Бацька ёсць?

— Ёсць, але…

— На вайне хіба?

— Не, — сказаў хлопец, уздыхнуўшы. Голас яго зрабіўся нейкі няўпэўнены і ледзь чутны.

— Што, у паліцыі? — здагадаўся Брытвін.

— У паліцыі, — ціха пацвердзіў падлетак.

Сцёпка ў магілцы трохі нават здзівіўся, зацікаўлены і непрыемна ўражаны адначасова. Называецца, знайшоў памагатага! Мусіць, пра бацьку трэ было запытаць раней, а то яшчэ меўся весці з сабою аж у Грыневіцкі лес — ось бы нарабіў перапалоху! Ён з адчуваннем вінаватасці падумаў, што Брытвін, мабыць, пакліча яго да агню і задасць перцу, якога ён цяпер, безумоўна, заслугоўваў.

— Ну, а ты што ж, значыць, бацьку памагаеш? — запытаў былы ротны яшчэ болей пасцюдзянелым, амаль варожым голасам.

— Я не памагаю, — сказаў хлопец. — Я ў партызаны пайду.

— Ого!

Брытвін — чутно было — разламаў галінку і паклаў яе ў агонь; мігатлівыя водбліскі яго ў наваколлі на момант атухлі, пасля, памалу ажыўляючыся, заскакалі зноў. Хлопец насупіўся і нявесела маўчаў.

— Нічога не выйдзе, — сказаў Брытвін. — Такіх, як ты, у партызаны не бяром. Каб у партызаны пайсці, заслужыць трэба.

— А я заслужу.

— Гэта як жа?

Хлопец, аднак, не адказаў, мабыць, маючы ў думках нешта надта сур'ёзнае, каб так проста даверыць гэта незнаёмаму лясному чалавеку. Сцёпку гэта спадабалася. Ён зірнуў з ямы — невялічкая постаць у абвіслым, дужа паношаным пінжачку цьмяна, але з нейкай упартай годнасцю маячыла ля вогнішча. Побач на каленях стаяў Даніла і падкладваў у агонь сучча.

— Ось так! — заключыў размову Брытвін. — Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? Не раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.

— Мне ўранку малако на сепаратар везці.

— Паспеецца тваё малако, — сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.

Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.

— Да, а куды ты малако возіш?

— У мястэчка, куды ж! — з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.

— У Кругляны?

— Ну.

Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.

— Цераз мост ездзіш?

— Цераз мост. А як жа.

— Ага! І ўчора вазіў?

— Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.