Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 37

Васіль Быкаў

— Што, да ранку тут будзем?

— Пабудзем, да.

— А потым?

— А потым паспрабуем грымнуць, — сказаў Брытвін, стоячы на кукішках і зграбаючы ў доле недагаркі, якія ён кідаў у вогнішча. Спакваля на вуголлі весела заскакалі агеньчыкі, зблізку асвятліўшы сухі, нібы прасмалены, твар ротнага.

— Як гэта — грымнуць?

— Пабачыш як. План адзін маю.

Сцёпка пачакаў яшчэ, не дапытваючыся, думаў: скажа сам. Але той не сказаў, затаіў, што ўвогуле было ў ягоным характары, і Сцёпка змоўк, не ведаючы яшчэ, ці можна прымаць усур'ёз трохі саманадзейныя словы гэтага чалавека.

— Такі план маю, што ахнеш! Калі выгарыць, вядома.

Сцяпан паныла моўчкі сядзеў, спадылба паглядаючы на Брытвіна і баючыся яшчэ паверыць яму.

Міця нешта бавіўся з галлём — спярша чуваць было яго шастанне па ўзроўку, а потым і яно сціхла.

Сцяпан паглядзеў туды, услухаўся і трохі занепакоена сказаў:

— Каб не збег. Паглядзець мо?

— Не збяжыць. Цяпер ён да нас як прывязаны.

Сцяпан не паверыў: так ужо і прывязаны! Зрэшты, наўрад ці ён пабяжыць, пакінуўшы тут каня. І сапраўды, неўзабаве наверсе зашумела, зашорхала, і з цемры паказаўся сам Міця, які валок звязанае вяроўкай бярэма галля.

Брытвін з трохі не ўласцівым яму ажыўленнем узрадаваўся:

— От здорава! Цэлы воз! Такі і на кані не ўвязеш!

Міця быў яўна падахвочаны пахвалой: маленькі і з выгляду трохі слабаваты на свае пятнаццаць год, ён, аднак, аказаўся надзіва старанным у працы. Люба было глядзець на вялізнае бярэма, якое ён па-гаспадарску ўпарадкаваў побач і акуратна зматаў вяроўку.

— На каня я воз во які кладу! — Падняў ён руку вышэй свайго росту.

— Харашо, харашо. А каня як завуць?

— Каня? Рослік. Двухлетак ён, малады яшчэ, але ладны конік. А разумны які!

— Ну?

— Яй-богу. Вот ад'едзеш куды, схаваешся, гукнеш: «Рослік!» — і бяжыць. А то як заржэ!

— Глядзі ты! Як дрэсіраваны.

— Ды ну! Хто яго дрэсіраваў. Гэта ж я ўсё даглядаю яго: і кармлю сам, і на выпас. У начлег тым летам вадзіў. Тады яго ў мяне немцы забралі. Раніцай вяду з Круглянскага лесу — едуць тры. Вярхамі. Ну і забралі. Думаў — усё: прапаў мой Рослік. Аж прыбягае ўночы. Чую — хрумстае хтось. Выходжу — ходзіць па двары, траву скубе. І повад парваны.

— Да, замячацельны конь, — пагадзіўся Брытвін.

— Ага. Толькі стрэлу баіцца. Ляціць тады як шалёны.

— Ну, хопіць хлапатаць — ідзі сядай, пагрэемся.

Брытвін зняў з палак, мусіць, прасохлы ўжо шынелак і разаслаў яго на зямлі.

— Сядай во побач.

Відаць, ужо асвоіўшыся з партызанамі і прывыкшы да ягонай увагі, Міця задаволена апусціўся на край шыняля, цягнучы да агню скарэлыя рукі. Касцёр добра гарэў, пырскаючы іскрамі, наўкола стала горача, мокрыя рукавы хлопцавай світкі хутка задыміліся парай. Прытомлены і апанураны Сцёпка самотна сядзеў збоч, вяла слухаючы ажыўлена-сцішаную гаману хлапчука. Твар у яго быў маленькі, нейкі сцяты, нібы дзіцячы кулачок, з якога піпкай тырчаў кірпаты нос. На доўгай худой шыі з-пад світкі выглядваў зашмальцаваны зрэбны каўнер сподняй кашулі.