Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 36

Васіль Быкаў

— Ну, ты доўга тут калупацца будзеш?

Хлопец выпрастаўся — магілка была яшчэ мелкаватая, яму да пояса, але Брытвін, прыкінуўшы, вызначыў:

— Хопіць! Давай закопваць.

Ён так і сказаў: не «хаваць» ці «хараніць», а «закопваць». І менавіта ад гэтага слова Сцёпку стала зноў не па сабе, нібы тым самым былы ротны зняважыў Маслакова. Хлопец памаўчаў, думаючы, што, мабыць, трэба б яшчэ паглыбіць: зямля тут сухая і няцвёрдая, ручай куды ніжэй. Але Брытвін падышоў да нябожчыка.

— Давай сюды! Дзмітры, ану, памагні!

Міця з паслухмянай гатоўнасцю ўскочыў ад агню, але тут жа, зразумеўшы, што ад яго патрабуецца, у панылай нерашучасці спыніўся воддаль. Сцёпка вылез з магілкі.

— Чакайце! Што ж, так і закопваць?..

Ён выцер аб траву цясак і, агледзеўшыся ў мільготкім паўзмроку, падышоў да маладой ялінкі, голле якой тырчала з цемры на прагаліну.

Праз хвіліну Сцёпка сабраў у ахапак лапкі, якія ён насек затупленым цесаком, і зноў скочыў у магілу. Тут было цесна і няўпраўна, але, прытоптваючы ў цемры, Сцёпка як-колечы выслаў лапкамі дол. Потым, заціскаючы ў сабе дужа ўзмацнелы напаследак жаль, з некалькіх лапак змайстраваў узвышак пад голаў — нібы рыхтаваў Маслакову пасцель. Пасцель назаўжды, на вечны сон.

— Ну, гатова там? — не трываў Брытвін. — Давай усе сюды.

Ён адкінуў мокры Данілаў кажух, і ўдвух са Сцёпкам яны ўзялі пад пахі нябожчыка.

— Дзмітры, бяры за ногі! — распараджаўся Брытвін.

Міця абшчапіў дзве босыя ступні ног.

— Узялі!

Маслакоў, здаецца, і яшчэ пацяжэў: утрох яны ледзьве паднялі яго прагнутае ў паясніцы, яшчэ не закалянелае цела і цяжка патупалі да магілы. Там, вязнучы ботамі ў свежай зямлі, пасталі ўздоўж вузкай шчыліны-ямы і пачалі апускаць. Гэта было нязручна, цяжкае цела імкнула выкаўзнуць у яму. Сцёпка прытрымліваў яго за сцюдзёную, не дужа гнуткую ўжо руку. Апускаючы, перабраў пальцамі да кісці, па-ранейшаму перавязанай брудным бінтам, і, ухапіўшы за яе, ажно спалохаўся: здалося — прычыніў боль. Тут жа зразумеў марнасць свайго спалоху, але за перавязаную далонь болей не ўзяўся — укленчыўшы на жвіры, апускаў цела ўсё ніжай, аж пакуль не адчуў, што яно мякка легла на спружыністыя лапкі.

— Ну во! — выпрастаўся Брытвін. — Давай загартаць!

— Чакайце!

Нагнуўшыся ў чорны зеў магілы, Сцёпка аднаруч пазапіхваў туды рэшту яловых галін, накрыў найбольш твар нябожчыка, і яны з незразумелай палёгкай пачалі дружна гарнуць зямлю. Сцёпка гроб рукамі, Брытвін ботам, Міця, таксама ўкленчыўшы, аберуч выграбаў з травы рэшткі накапанай зямлі. Вогнішча іх ужо дагарала, ледзь-ледзь свецячы па кустоўі дробнымі язычкамі агню.

— Ну, так! Даканчвай, а мы ў агонь падкладзём, — выціраючы аб траву рукі, сказаў Брытвін. — Дзмітры, ану, пашукай дзе дравішак!

Міця адразу ж падаўся на ўзровак, а Сцёпка тым часам завяршыў магілку.

На палянцы стала пуста і ціха, яна нібы папрасторнела цяпер без каня, без Маслакова, з невялічкім вогнішчам на краі, ля абрыву. Зрабіўшы ўсё, што можна было зрабіць у адносінах да мёртвага, Сцёпка адчуў сябе такім адзінокім, такім няшчасна-непатрэбным на гэтым свеце, як, мабыць, не адчуваў ніколі. Адзінае, што тут яшчэ вабіла яго, быў касцёр, хлопец падышоў да Брытвіна.