Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 33

Васіль Быкаў

Далей можна было ні пра што не пытацца.

Раптам адчуўшы сябе ўшчэнт знясіленым, Сцёпка апусціўся ля гэтых босых, блізка ссунутых ступняў, па якіх далікатным дотыкам гулялі водбліскі, і зразумеў, што самае страшнае, чаго ён баяўся, сталася. І не з ім, слабаком і няўдакам, не з недарэкам Данілам, нават не з Брытвіным, а з самым лепшым, самым для яго дарагім чалавекам у атрадзе.

Не хочучы паверыць, што гэта не сон, не хваравіты, недарэчны прывід, Сцёпка ў абсалютным змярцвенні прыцяўся позіркам да гэтых надта збялелых ступняў, і перад яго вачмі памалу выплывалі з туману тыя, убачаныя ім у сасонніку, шэрыя, падзяўбаныя вараннём ногі. Цяпёр ён не мог ды і не стараўся асэнсаваць тую несумненную агульнасць, якая аб'ядноўвала іх нейкім аднолькавым сэнсам, — гэты сэнс ён спасцігаў пачуццём. Не зважаючы, што там быў невядомы, зусім абыякавы яму чалавек, а тут ляжаў Маслакоў, на паляне, як і там у сасонніку, ужо ўладарыла смерць. Яна адштурхоўвала, палохала і сваёй несправядлівасцю, як заўжды, падаўляла жывое.

Сцяпан сядзеў так доўга, прыдушаны роспаччу і крыўдай за камандзіра, а можа, і за сябе таксама, — на жыццё, на вайну, а болей на сляпы выпадак, які часцей за ўсё іншае гаспадарыў над іхнім лёсам.

— Цяпер не падвода — лапата трэба. Лапаты няма? — спытаў ля вогнішча Брытвін.

Скручаны горам, Сцёпка не абазваўся, аднак, пэўна, падлетак даў знаць, што лапаты яны не маюць, бо Брытвін не пытаўся болей. Конь пастаяў, паўзіраўся на Данілу ў змроку і, памалу пераступаючы, пачаў скубці маладую траву. Сцёпка ж усё сядзеў, ні аб чым не думаючы, змярцвеўшы ўсімі сваімі пачуццямі, абыякавы да ўсяго і найперш да самога сябе. Ён надта азяб ад начное золкасці, цела яго пачало міжвольна падрыгваць пад воглым мундзірам.

Брытвін, мусіць, убачыўшы тое, сказаў:

— Хопіць мандражыць. Падмяні Бараду.

Сцёпку было ўсё роўна што рабіць, галоўнае для яго мінула, а ўсё астатняе не мела сэнсу. Ён пакорліва ўстаў і паплёўся да змрочнае постаці на краі прагаліны.

— Што тут падмяняць! Каб было чым, даўно б выкапаў, — бурчаў Даніла, але вылез з неглыбокай, па калена, яміны і аддаў хлопцу вышараваны ў зямлі цясак. — На, дзёўбай!

Сцёпка апанурана стаяў у змроку на раскіданай зямлі. Не ўзнімаючы вачэй, узяў у Данілы штых і, калі той ступіў да яго, пачуў ці, можа, адчуў, што крок яго нейкі не такі, як ранейшы, нязвыклы для Данілы. І тады ён заўважыў, што Даніла ўжо ў ботах. На Брытвіне ладная ватоўка, у гэтага боты — ужо ўсё падзелена. Але што ж! Гэта было дужа звычайна і зразумела ў іхнім жыцці: рэчы, як заўжды на вайне, перажывалі людзей. Сцёпка прывык ужо да таго, тым не менш нешта ў яго пачуцці міжвольна і неўсвядомлена варухнулася кароценькай нязгоднай крыўдаю немаведама на каго.

Ён скочыў у магілку і пачаў драць ды сячы цесаком тугія і цвёрдыя, як рамяні, лесавыя карані, якімі тут густа і бязладна пераплецена, мусіць наскрозь, зямля. Накрышыўшы, рукамі выкідваў мяккія лесавыя ацяробкі. Аднак усё гэта ён рабіў нібы ў сне, машынальна, не займаючы свае свядомасці. Яго думкі бязладна снавалі ў галаве, часам затрымліваючыся на чымсь далёкім, дробязным і неабавязковым для такое хвіліны, штораз абрываючыся і пераскокваючы на другое. Часам яны знікалі зусім, і тады ён чуў блізкую размову там, ля агню.