Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 24

Васіль Быкаў

Даніла выпрастаўся на каленях, але не ўстаў.

— Дык у мяне ж абрэз.

— Ну і што?

— На якіх дваццаць крокаў, не болей. Калі што, дык і не пацэліш, мушкі ж няма, — загаманіў ён нейкім не сваім, бы вінаватым, з плаксівасцю голасам.

Маслакоў ціха вылаяўся і ўхапіў каністру.

— Тоўкач, айда!

Сцёпка ўстаў, непрыязна, амаль з варожасцю зірнуў на Данілу. Хлопцу таксама было не шмат радасці выпраўляцца цяпер, яшчэ завідна, па голай дарозе добрую вярсту навідавоку, але ён болей за ўсё не хацеў, каб тое ўбачылі іншыя. Ён быў гатовы. Асабліва калі з Маслаковым — хай гэтыя героі сядзяць ззаду і чакаюць.

На хаду ён пераняў у Маслакова каністру, яны хуткім крокам выдраліся з хвойнага зарасніку на ўзлесак і апынуліся на лугавіне.

Дожджык усё сыпаў — дробненькі, але спорны; далячынь за ракой заслала туманам, у ім прыцьмелі і мост, і поплаў, і ўвесь той бераг з Круглянамі. Увогуле, гэта было няблага, здалёк іх на мосце не ўбачаць, толькі каб загарэлася дрэва…

Брытвін з Данілам засталіся на ўзлеску акрай дарогі, а Маслакоў са Сцёпкам амаль подбегам пашыбавалі дарожнай узбочынай. На хаду Маслакоў некалькі разоў азірнуўся, і ў тых яго позірках Сцёпка згледзеў трывогу. Яно і зразумела: атрымлівалася не так, як было ўдумана, прыбаўлялася рызыкі, надзея на поспех меншала. Па сутнасці, яны дзейнічалі цяпер на славуты «авось», хоць яўнай небяспекі пакуль не адчувалася, непагадзь добра хавала іх — а можа, і пашэнціць? Адкладваць жа наўрад ці будзе разумна, бо калі разыдзецца дождж і намочыць на мосце гразь ды бярвенне, колькі тады трэба будзе чакаць, пакуль усё гэта высахне. Зноў жа — цяпер мо дапаможа Вялікдзень: усё ж паліцаям таксама ахвота пасвяткаваць.

Сцёпка ледзьве паспяваў за Маслаковым, яны ўжо амаль беглі, камандзір раз-поразу азіраўся, але на дарозе, здаецца, скрозь было пуста.

— Якраз такі час, панімаеш? Удзень там іх варты няма. А на ноч яшчэ не паспелі. Каб не дождж толькі.

Яны ўсё памыкаліся на бег, але Маслакоў знарок стрымліваўся — мусіць, каб не адрывацца ад Сцёпкі або не выклікаць падазрэння, калі хто з'явіцца насустрач. Аўтамат свой ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Сцёпка вінтоўку нёс на плячы, почапка яе недзе на закарку сцягвала скуру, скуллё на шыі балела, але ён не мог нават прыпыніцца, каб перамяніць руку з каністрай.

— Ты па верху. А я ўнізе. Пальеш, а я знізу падпалю. Толькі акуратна, каб на зямлю не лілося. Па бёрнах.

— Знаю.

— Крайнюю ад вады апору. Загарыцца! Павінна загарэцца. І паглядвай за мост. Каб з Круглян хто не наскочыў.

У ашчэраны Сцёпкаў бот набілася пяску, назе стала мулка, хлопец памалу накульгваў. Сасоннічак застаўся ўжо далекавата ззаду, яны былі адны на пустой дарозе; дожджык неяк раздумна лапатаў па дарожным пыле, які смярдзеў, беручыся зверху мокрай васпаватай скарынкай.

Мост быў блізенька, ужо відаць сталі яго парэнчы, адна з іх была абломана з канца і звесілася над вадой. Насып пабольшаў, дарога на ім стала цвярдзейшая, пясок застаўся ззаду, і Сцёпка на хаду трасануў у паветры ботам — каб высыпаць, што там муляла. Мусіць, дзеля засцярогі Маслакоў перабег на другі бок, яму ўжо трэба было спускацца пад насып, але камандзір марудзіў, ва ўсе вочы ўзіраючыся праз дождж наперад, на мост.