Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 26

Васіль Быкаў

Сцёпка кінуў, дзе быў, каністру і, вывернуўшы ўбок ногі, амаль не цэлячыся, грымнуў стрэлам насустрач постаці, потым яшчэ і яшчэ. Ён не цэліў, ды і не было куды цэліць: ужо добра прыцьмела, і паліцай зноў знік — упаў ці, можа, скочыў за насып. Пасля трох стрэлаў Сцёпка даслаў у патроннік і чацвёрты патрон, але страляць не стаў, а, ускочыўшы, за тры крокі перабег дарогу.

Тут ён зноў зморана ўпаў і стаіўся. Ззаду, узбітае ботамі, пасунулася воблака смярдзючага пылу, пад рукамі і грудзьмі замулялі ў мокрай траве нейкія калючкі, па шапцы і плячах далікатна і гусценька лапатаў дожджык. Сцёпка думаў тут недзе знайсці Маслакова, але яго не было відаць ні ззаду, ні спераду. Хіба што камандзір ужо адбег да лесу, што ўвогуле было зусім верагодна. І ўсё ж нейкае падсвядомае адчуванне сведчыла, што ён не ззаду, а, мабыць, ля моста. Трохі аддыхаўшыся і зацяўшы ў сабе страх, Сцяпан таксама падаўся туды.

Увага яго раздваілася: ён чакаў стрэлаў, каб тут жа ўпасці пад насып, і з усяе сілы хацеў убачыць дзе Маслакова. У яго ўжо з'явілася і шырэла ў сваёй акрэсленасці думка, што з ім кепска, мусіць, яму папала. Тады Сцёпка проста не ведаў, чым можна дапамагчы камандзіру і як яго ратаваць тут, пад носам у аховы. Баючыся самага найгоршага, ён, аднак, спадзяваўся яшчэ, што, можа, Маслакоў проста стаіўся і ён яго зараз знойдзе.

Ён і сапраўды хутка ўбачыў свайго камандзіра — у дажджлівым паўзмроку той цёмным бугром знерухомеў акрай насыпу, і яшчэ зводдаль Сцёпка зразумеў, што камандзіра падстрэлілі. Напэўна, упаў Маслакоў яшчэ на скосе і ссунуўся ўніз. Ён так і ляжаў цяпер, закінуўшы ўгору рукі, з ненатуральна падкурчанымі ў каленях нагамі. Ватоўка на ім загарнулася, кашуля таксама, і голы запалы жывот цьмяна свяціўся ў доле. З разбегу Сцёпка выцягся ля камандзіра, і па тым, як той ніводным рухам не рэагаваў на яго з'яўленне, хлопец з паныласцю зразумеў, што найгоршае сталася. Сцяпан не стаў тармасіць яго ці абмацваць: не было часу — на дарозе вось-вось маглі з'явіцца паліцаі. Ён толькі выдзер з-пад пляча аўтамат і стаіўся побач, чакаючы.

Унутры ў ім усё аж захлыналася ад стомы і страху, пачуцці, здавалася, дасяглі мяжы напружання і, бы сірэны, гулі ад роспачы. Наўкола, аднак, было ціха: дождж роўненька, але настойліва лапатаў па дарозе, траве. Паліцаі нешта марудзілі — не беглі сюды і не стралялі. Сцёпка тады азірнуўся і, сцяўшы ў сабе агорклае дыханне, пераваліў Маслакова на бок. Не адрываючы позірку ад дарогі, ён зачапіў на руку почапкі аўтамата і вінтоўкі і, напружыўшы не дужа вялікія свае сілы, узваліў на сябе страшэнна цяжкога цяпер Маслакова. Ён ажно спалохаўся, што не падніме; ад натугі ў вачах бліснулі і расплыліся жоўтыя плямы, але ўсё ж ён устаў на ногі і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, бы п'яны, пабрыў пад насыпам.

Ён упаў, крыху не дасягшы ўзлеску. У трохі святлявым небе відаць былі верхавіны сасонак, але ў яго не хапіла сілы забрысці ў лес, ногі падламаліся, і ён мякка лёг з ношай на бок. Сцёпка чакаў, што з лесу выбегуць тыя двое і скончацца яго пакуты, утрох бы яны ўжо маглі выхапіць адсюль камандзіра і адбіцца. Хвілін пяць ён захлынаўся горкай задухай: прыціснутае да зямлі, шалёна таўклося ягонае сэрца; усё на ім было мокрае ад поту і дажджу. Ён не памятаў, колькі часу, нібы ў непрытомнасці, ляжаў на мокрай маладой траве, і ніхто да яго не бег ні насустрач, ні ззаду. Зрэшты, ззаду ён не бачыў нічога — ён толькі слухаў, але ні крокаў, ні стрэлаў адтуль не было.