Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 23

Васіль Быкаў

Даніла сядзеў на сваім кажуху і, мусіць, чакаў, углядаючыся ў яго бок. Сцёпка махнуў рукой і паказаў знаходку. Даніла адразу выцягнуў шырокую, у валассі руку.

— Ану…

— Цэленькая, камандзірская, пэўна.

Узяўшы зорку, Даніла нейкі час з цікавасцю пакруціў яе ў руках.

— Да, гэта сама… Харошая звяздэчка.

І, нічога не кажучы болей, на вачах у хлопца сунуў яе ў кішэню сваіх суконных, густа залапленых штаноў.

— Гэта ж мая! — разгублена сказаў Сцёпка.

Даніла выскаліў доўгія пракураныя зубы.

— Гы! Была твая, стала мая.

— Ты што? Аддавай!

Але Даніла, як і раней, нязрушна сядзеў на сваім кажуху і толькі нахабнавата ўхмыляўся маленькімі сярод чорнага дрымучага касмыцця вачмі.

— Давай! — крыкнуў Сцяпан.

— А не крычы. Вунь камандзір ідзе.

Сапраўды, збоку ад іх над растапыранымі галінамі сасонак з'явілася галава Маслакова.

— Тоўкач, сюды!

— Давай! — з апошняй рашучасцю патрабаваў Сцяпан, але тут жа зразумеў, што марна, і, сцяўшы ў сабе крыўду, падаўся да Маслакова. — Ну, пачакай!..

Маслакоў ужо быў павярнуўся, каб ісці, як ззаду, хапаючы кажух, сумку і абрэз, падхапіўся Даніла.

— Таварыш камандзір, чакайце!..

Не цямячы, у чым справа, камандзір спыніўся, сышоў ніжэй да партызана, і калі Сцёпка, пастаяўшы, таксама вярнуўся да яго, Маслакоў ужо прымацоўваў на шапку тую ягоную зорку.

— Ну, дзякуй. А дзе ўзяў?

— Ды вунь Тоўкач падарыў, — хітра жмурачы шчылінкі-вочы, нявінна сказаў Даніла.

«От падла!» — падумаў Сцёпка, але не сказаў нічога. Для Маслакова зоркі яму было не шкада — Маслакову ён аддаў бы і шапку. І тым не менш хлопцу стала чагосьці няёмка і — галоўнае — крыўдна.

8

Бралася на змярканне, у хвойніку прыкметна цямнела, неба скрозь засцілалі аблокі, некалькі кропель упала на шыю і рукі — відавочна збіраўся дождж. Першы вясновы дождж, не халодны і не ветраны; яму, помніцца, некалі радаваліся людзі, бо пасля ўсё навыперадкі зелянела, аж шапацела, пускаючыся ў рост.

Цяпер жа, аднак, дождж не радаваў, здаецца — наадварот, нават устрывожыў іх камандзіра групы. Усё ў тым сасонніку Даніла са Сцёпкам узышлі на верх выспы і следам за Маслаковым апусціліся на калені пад крайняю ад прагаліны хвойкай. Побач сядзеў Брытвін і нерухома глядзеў кудысь між хваёвага голля.

Там была дарога і мост.

— Ну што? — ціха спытаў Маслакоў. — Не відаць?

— Ні чарта не разбярэш. Каб бінокль…

Яны ўсе стаіліся, углядаючыся туды, дзе святлявая стужка дарогі, вынікшы з сасонніку збоку ад гэтае выспы, бегла па невысокім на лужку насыпе да моста — доўгага шэрага збудавання з бярвення, што выглядала адсюль, нібы агромністы чарвяк, які споўз з дарогі ў ваду і спыніўся.

— Трэба ісці, — сказаў Маслакоў.

— Цяпер? — насцярожыўся Брытвін, не адрываючы позірку ад прыцьмелай ужо вечаровае далечы.

— Ну, а калі ж? Пакуль дождж не разышоўся. А то намочыць — не ўпаліш.

— Ну ўжо не, — падумаўшы, сказаў Брытвін. — Цяпер я не пайду.

— Можаш не ісці, — пачынаючы нерваваць, кінуў Маслакоў і падняўся. — Даніла!