Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 25

Васіль Быкаў

І раптам з дажджлівай прыцьмеласці на пустым за секунду да гэтага мосце з'явілася постаць.

Маслакоў нібыта спатыкнуўся, зменшыў крок, Сцёпка таксама прыцішыў хаду, ногі адразу сталі цяжэйшыя, чым секунду раней, і агідна падрыгвалі ў каленях. Постаць — не зразумець было здаля — не то стаяла, не то памалу варушылася, ідучы ўздоўж ля парэнчаў. Няўжо хто са спазнелых прахожых ці, не дай бог, ахова — тады справа іх кепская. У абсалютным неразуменні яны, аднак, ішлі, катастрафічна хутка збліжаючыся з ёй, бо захінуцца тут было недзе, а ўцякаць не выпадала — іх ужо ўбачылі.

Аднак паўхвіліны той, на мосце, нічым не выказваў сваіх намераў, толькі, здаецца, спыніўся ля зламанай парэнчы і — гэта адразу адчулася абодвум — праз прыцемак уважліва паглядзеў на іх. Яны таксама ва ўсе вочы сачылі за ім, гатовыя ўхапіцца за зброю, як ён раптам ускрыкнуў нешта палахліва-пагрозлівае і знік. Спярша яны абодва спыніліся — здалося, ён скочыў пад мост або дзіўным чынам праваліўся праз насціл. Але тут жа ў прыцемку востра бліснула, і рэха вінтовачнага стрэлу скаланула абшар.

Гэта была жахлівая нечаканасць, якой яны не прадбачылі, і цяпер абодва разам шаснулі з дарогі пад насып — Сцёпка па адзін, а Маслакоў па другі яе бок. Хлопец, мусіць, не дабраў спрыту, разгоніста саўгануўся з каністрай, здорава ўдарыў сцягно і бокам споўз да паловы скосу. Тут жа ён ухапіўся за вінтоўку, хуценька тузануў затвор, але не стрэліў — тыцнуўся тварам у зямлю: кулі ў двух месцах ля яго, пырснуўшы жвірам, дзеўбанулі насып. Ад моста стралялі — таропка, спалохана, але зноў, як на злосць, таго, хто бахаў, не было відаць, над дарогай толькі пранозліва дзігала — мусіць, па той бок насыпу. Маслакоў, аднак, маўчаў, і Сцёпка таксама зацяўся, сціх на адхоне, не адважваючыся адкрываць сябе і ўсё гледзячы ў той бок, да моста: чакаў, як пабягуць, каб жарнуць ужо ва ўпор, напэўна.

Аднак адтуль ніхто не бег. Пасля дзесятка стрэлаў там сціхлі, рэха закацілася за лес, і ўсё наогул змоўкла. Сцёпка паляжаў яшчэ грудзьмі на скосе, як раптам падумаў, што, мабыць, ён тут адзін, і гэта ажно напалохала яго. Ведама ж, Маслакоў наўрад ці ляжыць на тым баку, мусіць, адбег да лесу; значыць, і яму трэба падавацца назад. Мост, відаць па ўсім, прыйдзецца адкласці, да моста цяпер не падступішся.

Ускочыўшы на калені, Сцяпан адной рукою ўхапіў каністру, другой вінтоўку і, коўзаючыся па мокрай траве, пабег па-за насыпам. Ён чакаў стрэлаў, і яны сапраўды пачуліся, зноў часта і грымотна: бах — дзі-у-у-у… бах — дзі-у-у-у… Толькі вельмі хутка ён вызначыў, што стралялі не па ім, а міма. Тады ён упаў, загнана дыхаючы, азірнуўся — месца тут было крыху вышэйшае, а насып ніжэйшы, чым ля моста, і згледзеў здаля на дарозе цьмяны, прыгнуты сілуэт, які неяк, быццам крадком, бег, падаў і бахаў у ягоны бок стрэламі. Але кулі ён перастаў чуць, і гэта прарвалася ў ім неспадзёўкай-сполахам: ён ужо зразумеў, што паліцай страляў у Маслакова. Значыць, Маслакоў там, бліжэй да моста. Але чаму ж ён не страляе?