Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 22

Васіль Быкаў

Сцёпка тужэй падкруціў драціну на боце, пакалупаў галінкай зямлю, пасля заняўся сваёй злашчаснай вінтоўкай. Спярша прыадчыніў затвор — рукаятка пругка, амаль без шуму варухнулася на скосе — са шчыліны магазіннай каробкі з гатоўнасцю выглянулі вострыя дзюбкі куль. Не дасылаючы іх у патроннік, Сцёпка ашчадна засунуў затвор. Потым ён дастаў ножык — сточаны даваенны сельпоўскі складанчык з пляскатымі тронкамі — і ад няма чаго рабіць паскроб ім ложу. З-пад бруду, рэштак счарнелага лаку і змазкі палосамі засвяцілася моцнае сухое дрэва, і Сцёпка амаль з захапленнем узяўся скабліць — абнаўляць брудны, счарнелы прыклад.

Брытвіна ўсё не было, а Даніла, аказваецца, болей не спаў — ціха паляжаў колькі хвілін і глуха абазваўся:

— Чаго яны там?

Сцёпку здалося, што ён гэта спрасоння, але Даніла, услухоўваючыся, уважліва глядзеў у сасоннік.

— Хто?

— Ды вараннё. Схадзіць, можа, людзі…

Сапраўды, усё ў тым жа месцы ў гушчары чулася птушыная валтузня, часам кароткі лопат цяжкіх варонніх крылаў; недзе ля таго ж месца засакатала сарока — пэўная адзнака ляснога неспакою, калі не трывогі.

Сцёпка ўстаў і з вінтоўкай у руках паціху палез у гушчэчу.

Яшчэ здаля ў кустоўі адчувалася прысутнасць, апроч варання, і яшчэ некага, хоць наўрад ці тут мог быць хто жывы. А вароны ўсё капашыліся, адны ўзляталі на верхавіны сасонак, іншыя адтуль важка ападалі ўніз. Сцёпка падабраў ламачыну і шпурнуў у птушыны гам.

— Кыш вы, праклятыя!

Вароны неахвотна падхапіліся з зямлі, залапатаўшы ў галлі крыламі, але далёка не паляцелі: адны пачалі кружыць наўкола па-над узлескам, другія, нездаволена пракаркаўшы, апускаліся паблізу на сасоннік. Сарока засакатала мацней і трывожней, але гэта ўжо на яго. Сцёпка расхінуў сасновыя лапкі і з непрыемнасцю спыніўся, апанаваны не страхам, а нейкай нерашучасцю.

Між сасонак на іглістым доле, з якога сям-там прабіваліся жоўтыя іскрынкі кураслепу, ляжаў чалавечы труп. Тут жа таптаўся вялізны груган.

— Кыш!..

Груган неахвотна азірнуўся, пераступіў і, пругка адштурхнуўшыся жылістымі лапамі, замахаў крыламі.

Кар-р-р-р, кар-р-р-р-р…

Сцёпка, зацяўшы дыханне, падступіў бліжай: труп быў даўні, мабыць, зімовы ці нават леташні, нейкі пляскаты, бы ўтаптаны ў зямлю. Вопратка на ім, адчувалася, амаль струхлела. Хлопец нядоўга паразважаў, шукаючы адказу на адзінае цяпер пытанне: хто — свой ці чужы? — як раптам згледзеў пад нагамі ў траве невялікі шэра-зялёны лапік. Тады ён ступіў да яго і падняў — то была чырвонаармейская пілотка, сухая і нават пыльная з аднаго і сыраватая з другога, ад зямлі, боку. Увогуле, яна была ўжо нікчэмная, апроч хіба чырвонай эмалевай зоркі, пад якой рудзела невялікая плямка ржы. Сцёпка заглянуў пад клапаны, там аказалася ўваткнутая ў падклад іржавая іголка, абматаная чорнаю ніткаю. Хлопец выдзер зорку, а пілотку кінуў.

Ідучы ўгору, туды, дзе застаўся Даніла, ён думаў, што зорку трэба пачысціць ад іржы, і тады можна будзе прымацаваць да шапкі, а то за год партызанства ён так і не прыдбаў сабе ніякіх вайсковых адзнак. Зрэшты, не шмат іх было і ў іншых.