Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 21

Васіль Быкаў

Як толькі Сцёпка ўспамінаў той час, дык кожнага разу пачынаў хвалявацца ад даўняй застарэлай крыўды, нібы зноў перажываючы жахлівую зіму свайго бяспраўнага існавання — без дакументаў, на падазрэнні, сярод чужых людзей. Але і ў Віцебску жыць не было як — завод закрылі, іхні інтэрнат з будаўнікамі рэквізавалі нямецкія салдаты, і, каб не прапасці з голаду, ён рушыў з горада ў вёску пад Лепель, дзе — цьмяна памятаў — была нейкая матчына радня, напаўзабытая цётка Сцепаніда. Дабірацца давялося амаль скрозь пехатой, праз гразкую познюю восень; яго брызентавыя туфлі разваліліся праз два дні, хлопец прастудзіўся і аднойчы, заначаваўшы ў крайняй ля рова хаціне з абмазанымі глінай вугламі, так і не ўстаў ранкам. Жаласлівая, падатная на чужую бяду бабка Ўсцінка выхадзіла яго, адагрэла на печы пад кажушком, адпаіла ліповым наварам, і ён далей ужо не пайшоў, застаўся да вясны ў гэтым мястэчку над голай нячыстай аўражынай, куды вылівалі памыі і скідвалі пастраляных паліцаямі сабак. Ачуняўшы, Сцяпан, каб не быць дармовым нахлебнікам, надзяваў бабчыны боты, кажушок, браў у суседзяў санкі і ехаў цераз поле ў лясок па дровы або за кавалак хлеба насіў местачкоўцам ваду з раўка, здабываў з капцоў бульбу, якое тады багата зазімавала ў полі. Так і жылі. А поруч, цераз тры двары, хмельна раскашаваў у прымаках былы лейтэнант Валодзька, дружок, які, пераседзеўшы зіму ў сельмагаўскай прадаўшчыцы, па вясне падаўся ў паліцыю і пачаў жартам і ўсур'ёз чапляцца да хлопца. Ён дапякаў Сцёпку яго незаконным жыхарствам і тым, што ў яго не было дакументаў, казаў, што такіх, як ён, загадана збіраць па вёсках і адпраўляць у раён, і калі ён, Валодзька, не арыштоўвае яго, дык толькі па сваёй добрасці, якая, аднак, не бясконцая. Паліцай патрабаваў ад Сцёпкі самых розных паслуг: то схадзіць да суседа-інваліда, каб штось выведаць, то пад ранак папільнаваць дарогу на выездзе з вуліцы, ці насячы дроў і амаль кожнага дня здабываць гарэлку. Сцяпан апасаўся Валодзькі і да пары да часу мусіў слухацца, хоць узненавідзеў яго так, што гэтае нянавісці не пераборала і вострая жаласць да Ўсцінкі, адзінокай гаротніцы ў пахілай хаціне. Аднойчы, пакуль паліцай пасля начной сховы-засады мыўся ў двары ля парога, Сцёпка проста з лаўкі ўзяў яго зараджаны карабін і праз дзірку ў сенцах шмыгнуў у равок, каб болей сюды не вярнуцца…

Аднак Маслакоў з Брытвіным нешта бавіліся: не ішлі і не гукалі, Даніла дык нават ужо і пахропваў пад шапкай. Сцёпка пацягнуўся нагой і разы два ціхенька штурхануў яго лапці — Даніла прахапіўся, недаўменна пазыркаў наўкруга асалавелымі са сну вачмі, але, супакоіўшыся, зноў лёг на спіну.