Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 14

Васіль Быкаў

Урэшце дарога зноў павярнула ў лес, пад абвіслыя яловыя шаты, і ва ўсіх павальнела на душы: лес быў саюзнік, ахоўнік. Лес быў абаронца.

— Ну, болей вёсак не будзе, — уздыхнуў Маслакоў. — Загараны спалены. Каўшы хутарскія лесам абыдзем.

— Прохвішчы яшчэ, — глухім і нізкім, як з бочкі, голасам азваўся ззаду Даніла.

— Прохвішчы застануцца ўбаку. За рэчкай.

— За рэчкай, ага. Пляменніца там замужам.

Гэта быў пэўны намёк, які таіў у сабе немалую спакусу. Калі ў каго ў вёсцы надараліся знаёмыя, ды яшчэ радня, гэта азначала шмат што, і не для аднаго толькі ляснога родзіча. Маслакоў, канечне, разумеў гэта не горш за іншых і, мабыць, таму хвіліну маўчаў, штосьці прыкідваючы.

— Пасля, як назад пойдзем. Не цяпер…

— Цяпер не. Дзе ўжо цяпер, — лёгка пагадзіўся Даніла.

Сцёпка нечакана нават для сябе самога расчараваўся: зайсці ў вёску ён заўсёды быў рады, хоць і з рызыкай, з бояззю наткнуцца на бобікаў або немцаў — усё роўна пасля апрыклага ляснога жытла ўладарна цягнула да людзей, да звычайнага хатняга прытулку, якога не меў шмат год. Гэтая цяга жыла ў ім яшчэ з ранняга дзяцінства, калі падчас калектывізацыі ён страціў бацькоў, не прападала ў дзіцячым доме і ў школе ФЗН і асабліва асілілася за вайну, у яго беспрытульных партызанскіх бадзяннях па лесе.

Ступаючы на слізкія, абадраныя коламі яловыя карані, яны па адным абышлі вялізную, з застаялай вадой лужыну на дарозе, і Маслакоў азірнуўся. Было відаць, што скупыя Данілавы словы запалі і ў ягоную душу.

— Калі мо ўправімся, уночы заскочым. Так таму і быць, — сказаў камандзір групы.

Даніла прыспешыў крок, яны з Брытвіным дагналі Маслакова, і Даніла падхапіў размову, якая яго яўна цікавіла.

— Калі ўправімся, дык здатна было б. Вялікадня ж…

— Вялікадня, ага. А наогул — лепш не заходзіць, — сказаў Маслакоў. — Меней бяды будзе.

Брытвін чужавата маўчаў, а Даніла і гэта, хоць і без асаблівай ахвоты, пацвердзіў:

— Ну.

— Неяк зайшлі — ледзьве ногі вынеслі, — успомніў Маслакоў. — Прапанавалі, і я, дурань, паслухаўся.

— Ведама ж, як кажуць людзі: другіх слухай, а сваім розумам жыві, — прабубніў Даніла.

— Вось іменна. Закурыць няма?

— Ёсць троху.

— То давай задымім. Каб весялей жылося.

Насільшчыкі ахвотна прыпыніліся, паставілі на зямлю каністру. Даніла адхінуў палу кажуха і пачаў поркацца ў кішэнях рудых суконных, дашчэнту злапленых штаноў. У Брытвіна тым часам знайшлася паперка — старонка са школьнага падручніка з чарцяжом раўнабедранага трохвугольніка. Стоячы ўбаку, Сцёпка абыякава пазіраў, як яны разадралі яе на шматкі, і Даніла адмераў кожнаму па шчэпцю самасаду. Сцёпка таксама часам курыў, калі было што, але цяпер яму не прапаноўвалі, і ён не прасіў, бо ведаў, як даражылі курывам заўзятыя курцы накшталт гэтага вось Данілы.

— Прыкурым ад нямецкай запалачкі, — сказаў Маслакоў, засоўваючы руку за пазуху. Памацаўшы там, ён нязручна дастаў плоскую, бы пачак іголак, паперку з запалкамі, складзенымі ў радок накшталт зубоў у грабеньчыку. Камандзір ашчадна адламаў адну і крамсануў аб цёрку.