Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 15

Васіль Быкаў

Даніла ажно спалохаўся.

— Ды я… У мяне ж крэсіва! — спахапіўся ён. Але запалка ўжо загарэлася, і ён першы мусіў прыпаліць з Маслаковых прыгаршчаў. — Сапсаваў, ну!

— Нічога, — супакоіў яго Маслакоў і палічыў: — Раз, два, тры, чатыры, пяць… На Круглянскі мост хопіць.

Яны з асалодай раскурылі цыгаркі і неяк весялей рушылі па парослай дробненькай мураўкай дарозе. Мабыць, вяртаючыся да ранейшае думкі, Маслакоў азірнуўся на астатніх.

— Пра камбрыга Прэабражэнскага чулі?

— Таго, з лук'янаўскай групы? — запытаў Брытвін, не вымаючы з рота цыгаркі.

— Ну.

— Чулі быццам. Я з ім увосень на засаду хадзіў.

— Якую восень! Яго ўлетку немцы расстралялі.

— А казалі — сам у палон здаўся, — ненастойліва запярэчыў Брытвін.

Маслакоў ажно спыніўся.

— У палон! Языкі б тым папрыпякаць, хто так кажа.

— Не ведаю. Я ж у іх у атрадзе не быў.

Маслакоў кінуў беглы, але спрактыкавана-ўчэпісты позірк наперад, куды кіравала гэта пакручастая малаезджаная лесавая дарога, паўзіраўся па баках. У лесе скрозь было ціха, адно ў галлі паценьквалі нябачныя птахі ды ўгары, на пасвяжэлым ветры, ківаліся і шумелі яловыя вяршаліны. Унізе ж, у вузкім крывым калідоры між ельніку, было хораша і зацішна, камары яшчэ не з'явіліся. Час, мусіць, кіраваў пад вечар, сонца на небе не было відаць, над елкамі ціха плыла шэрая навісь аблокаў.

— Быў хто ў Шнурах? — запытаў камандзір.

Але наўрад ці хто быў там — Сцёпка першы раз чуў гэтую назву, ды і Брытвін, мусіць, таксама. Яны маўчалі, адзін толькі Даніла па сваім звычаі, штось успамінаючы, пакутна зацепаў вачмі.

— Гэта хіба тыя, што за Лясовічамі?

— Во-во, яны самыя, — пацвердзіў камандзір. — Ладная вёсачка, на пагорку, пры параснічку. Вось мы на яе і вылезлі. Людзі папаліся добрыя, залатыя людзі. Ну і заплацілі за іх дабрату…

6

— Розная дабрата бывае. Іншая горш, чым зло, — сказаў Брытвін, спакойна ідучы за Маслаковым. Цяжару каністры ён нібы і не адчуваў, трымаўся роўна, і Сцёпка падзівіўся з яго вынаходлівасці: здавалася, ноша цяпер ніколькі і не важыла.

Маслакоў на рэпліку не адказаў — яго ўжо захапіла і поўніла нешта сваё.

— От было, хай яе чорт. Нас-то двое выскачыла, а камбрыга ўзялі. Узялі і павялі, а мы ляжалі, як ёлупы, у бульбе і не ведалі, што і думаць. На Палік тады ішлі. Ведаеце Палік? Возера за Лепелем, некаторыя з нашага атрада базіраваліся там. Двое сутак лазілі па балотах, вымаклі ў вадзе ды расе, сухое ніткі на целе не асталося. Зноў жа — і харч скончыўся. Трэ было запасціся болей, ды ў тых, што заставаліся, таксама не густа было з шамоўкай. Думалі, як-небудзь перахопім.

— А што, многа вас было? — запытаў Брытвін.

— У тым жа і справа, што мала. Трое ўсяго.

— Ну, для траіх — не праблема. У кожнай хаце…

— Ага, гэта здаецца так, у кожнай хаце… Сунуліся ў адну вёску — сабакі такі гвалт узнялі, што прыйшлося ў лес павярнуць. У другой паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, на вуліцах поўна падвод, п'янка — дым каромыслам. Думалі, патрываем, заставалася вёрст трыццаць, каб не зблудзілі. Заблудзіліся, аднак, у балотах, занервавалі, пасварыліся. А тут камарэча жарэ няшчадна, а наўкола то алешнік, то дрыгва, чараты, і сілы ўжо без жратвы пад канец падыходзяць.