Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

— Сюды давай!

Не цямячы навошта, яны нездаволена падняліся і таксама палезлі ў ельнік, які густа пах маладою жывіцай і калюча чапляўся суччам за вопратку. Расхінаючы тугое калючае голле і ўгінаючы галаву, Сцёпка, аднак, неўзабаве вылез на вальнейшае месца. Тут быў край лесу. Над маладым ельнічкам на выспе ўзвышаліся дзве абымшэлыя таўшчэзныя яліны з разлапістым голлем, якое панура звісала з вышыні. Пад бліжняю з гэтых ялін нечага таптаўся, узіраючыся ў дол, Маслакоў.

— Давайце паправім хуценька.

У доле неглыбокай правалінай азначылася нясвежая, мусіць леташняя, магілка. Нядбайна накапаная зямля асела, берагі абсыпаліся. Маслакоў пачаў ботамі гарнуць з бакоў да яе пясок. Даніла паставіў каністру.

— Што, знаёмы? — запытаў Брытвін.

— Двое нашых: Кудрашоў і Богуш. Увосень у Стараселлі на засаду наскочылі.

Сцёпка прыхінуў да елкі вінтоўку і без лішніх роспытаў падаўся да камандзіра. Каб зусім не застацца разутым, сунуць пясок ботамі яму не выпадала, і хлопец следам за Маслаковым пачаў далонямі разроўніваць зямлю па форме магілкі. Даніла з Брытвіным няпэўна глядзелі зводдаль.

— Ну, што? — падняў галаву камандзір. — Давай, Шпак, дзярна пашукай. Абкласці ж трэба.

Даніла моўчкі выцягнуў з ножнаў на дзязе нямецкі штых-цясак і стомленым крокам неахвотна паплёўся да ўзлеску. Брытвін сеў насупроць пад елкай.

«Падла! — шлёпаючы далонямі па воглай зямлі, думаў Сцёпка. — Баіцца рукі запэцкаць. Начальнік!»

Пакуль яны ўдвух завіхаліся над магілкай, Даніла ў пале кажуха прынёс тры скібы дзёрну, вываліў іх побач. Маслакоў паклаў дзярніны на край магілкі — іх было, вядома, замала. Тады з-пад елкі нецярпліва падняўся Брытвін.

— Дай штых! А то правалаводзішся тут…

Даніла аддаў штых, і Брытвін рашучым крокам рушыў з выспы да ўзлеску. Трохі памарудзіўшы, Даніла пайшоў следам. Сцёпка падумаў, што і яму трэба ўключыцца ў гэтую працу, але перш чым выправіцца туды, ён сказаў Маслакову:

— Каб ведаў, не пайшоў бы.

Камандзір выпрастаўся.

— А што?

— Ды гэты… Брытвін!

— Нічога, — сказаў Маслакоў, памаўчаўшы. — Не звяртай увагі. Звяглівы… Затое галавасты.

Усе па разу яны прынеслі дзесятак дзярнін, і Маслакоў як-колечы аблажыў магілку. Атрымалася зусім няблага — не горш, чым на могілках.

— Ну, во і паправілі. Харошыя ж хлопцы былі, — зморана ўздыхнуў Маслакоў.

Брытвін паморшчыўся:

— На ўсіх не напапраўляешся. Часу не хопіць.

— Колькі таго часу: паўгадзіны.

— Бывае, што і паўхвіліны важна. Асабліва на вайне, — разважліва сказаў Брытвін, выціраючы аб шынель далоні.

Сцёпка незнарок зірнуў на яго рукі — не, яны былі даволі спрацаваныя: шырокія, з учэпістымі вузлаватымі пальцамі і тоўстымі кіпцямі. Ужо без нядаўняе пагарды хлопец падумаў, што, мабыць, ён перабольшыў, надта вызвяраючыся на гэтага чалавека. Але ўсё роўна прыкрасць на яго яшчэ не міналася.