Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 13

Васіль Быкаў

Брытвін між тым паправіў на плячы сваю СВТ з аблезлаю ложай і, зрабіўшы крок, азірнуўся.

— На дыверсіях час — золата. Што-што, а гэта я ведаю. Дванаццаць паяздоў рота фуганула. Вунь ад Клепікаў да Замошша пад насыпам скрозь мая работа.

— Пад насыпам — гэта старо, — сказаў Маслакоў. — Што пад насып пускаць! У выемках трэба.

Брытвін, нібы перапыняючы яго, варухнуў далонню.

— Нічога. І так няблага.

Маслакоў з ім не спрачаўся, ён угрэўся і, зняўшы з ватоўкі дзягу, падперазаў ёю гімнасцёрку. Сцёпка спадылба пазіраў на Брытвіна і думаў: «Знайшоў чым выхваляцца: яго работа! У тым атрадзе яшчэ зімою было загадана дыверсіі на чыгунцы наладжваць толькі ў выемках, бо спушчаныя пад адхон паязды затрымлівалі рух не болей як на паўдня».

— А наконт магілы, — сказаў Брытвін да Маслакова, — можна было б дзядзькам наказаць. Прывялі б у парадак як найлепш. І яшчэ далажылі б.

Яны падышлі да каністры, якую цяпер Даніла прыкметна не спяшаўся браць з долу, і Брытвін, мабыць, зразумеў, што настала яго чарга.

— Нязручна ж. Як вы яе неслі? — здзівіўся ён, прыўзнімаючы пасудзіну. Ён зноў паставіў яе, акінуў наваколле позіркам і, адышоўшыся, прынёс крываваты яловы сук, прадзеў праз ручкі каністры. — Ось так будзе лепш. Ану, бярыся, хлопец!

Гэта было сказана да Сцяпана, але той не крануўся нават: няма дурных, ён сваё аднёс. Хай бярэцца Даніла.

— Ваша чарга. Ну і нясіце.

— От дзівак! — бяскрыўдна ўхмыльнуўся Брытвін. — Ты паспрабуй.

Але Сцёпка не хацеў і спрабаваць нават, і тады за канец палкі ўзяўся Маслакоў. Праўда, хутка стала відаць, што камандзіру несці надта нязручна: спаўзаў аўтамат з пляча; левай рукой Маслакоў упраўляўся засцярожліва — мусіць, яшчэ балела. Тады наперад выйшаў Даніла.

— Дайце!

— Што, у другую змену? Калі ласка, — усміхнуўся Маслакоў і аддаў палку.

Даніла і Брытвін хутка пайшлі па схіле пагорка ўніз, з імі поруч сігаў камандзір. Але як толькі сунуліся з лесу, ледзь не наткнуліся на вёску: недалёка за гародамі шарэлі дахі з комінамі, хлеўчукі, на выгане пасвіліся гусі, і некалькі хлапчанят капалася пад плотам. Крыху паўзіраўшыся праз рэдкі яшчэ хмызняк, Маслакоў крута павярнуў убок, у алешнік. Алешнікам яны ішлі доўга, пакуль не ўзбіліся на нейкую перакапаную кратамі сцяжыну, якая вывела іх да ручая на лужку. Ручай перайшлі па дзвюх хлюпасткіх жардзінах-кладках. Неўзабаве зноў трапілі на палявую дарожку, што вяла да густой сцяны пахмурнага ельніку. Думалі адразу зашыцца ў яго, але дарога з вярсту кіравала па-над узлескам, акрай поля, якое заўзята зелянела густымі лапікамі вясновае руні. Вайна вайною, а сялянская душа без зямлі не магла: і сеялі, і аралі, і жалі. Што ж, жыць трэба было, каму хацелася прападаць, ды яшчэ з голаду. Маслакоў усё цікаваў па баках, часам азіраўся — Брытвін далёка не адставаў ад яго, жылісты, рукасты Даніла цягавіта тупаў у сваіх растаптаных, ды лёгкіх, аднак, на хадзе лапцях. Адзін толькі Сцяпан марудна валокся апошні: ён прытаміўся, на назе муляла ануча, у намочаных на балоце ботах надакучліва чвякала.