Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 16

Васіль Быкаў

Дык, значыць, было нас трое: я, камбрыг Прэабражэнскі і лейтэнант адзін, таксама з кадравых: ад самае граніцы ўсё камбрыга пільнаваўся — ну, быццам за ад'ютанта, хоць сам такі ж радавы ў атрадзе, як і камбрыг гэты. Не дзіва: камбрыг у сваёй танкавай брыгадзе камандзір, а прыбіўся да атрадзіка з пяццю ўцалелымі танкістамі — чужы чалавек. Атрадзік з мясцовых, хоць былі і чырвонаармейцы, акружэнцы, камандзірам Барсук. Во, той самы, што ў Цішкоўскі атрад перадалі ў рэйд. Да вайны быў старшынёй сельсавета. Не глядзі, што ў вайсковай справе ні гу-гу, затое ўсе вёскі яму знаёмыя, а ў вёсках процьма мужыкоў — свае. А што камбрыг без войска? Усёй цаны, што пісталет у кішэні ды граната на дзязе.

Праўда, Прэабражэнскі і не стаў фанабэрыцца, біць на амбіцыю, як некаторыя. Барсук прыняў, запытаўся, якую камбрыг пасаду хоча. А якая пасада ў атрадзе, дзе сорак чалавек? Два ўзводы, узводныя пастаўлены. Начштаба, камісар таксама ўжо ёсць. Прэабражэнскі і кажа: хоць радавым, абы немцаў біць. Так і пайшоў радавым у наша аддзяленне.

Я быў аддзялённы. Паніжэнне, вядома. Бо дзяйствіцельную служыў памкамузводам, старшы сяржант быў…

— Вялікая шышка! — Брытвін задаволена азірнуўся на Данілу, шукаючы яго ўвагі. — Я паўгода радавым пабегаў.

— Ну, так, вядома, але не ў тым справа. У мяне такія ваякі сабраліся, што не сорам і аддзялённым пабыць: адзін сакратар райвыканкома, міліцыянер з Полацка, два лейтэнанты і гэты камбрыг, Прэабражэнскі. Спярша думаў — будзе артачыцца, не слухаць. Зноў жа — як мне, па ўзросту ўдвая маладзейшаму, камандаваць ім? Пасля аказалася: ён яшчэ і акадэмію ў Маскве скончыў. Ды нічога, утрэслася. Быў ціхі, маўклівы. Як усім, так і яму. Сам па чарзе і на варце стаяў, і буданы рабіў.

І ўсё ж не раўня нам, маладым, — у гэтым мы хутка пераканаліся. Чалавеку ўжо за пяцьдзесят, як ні пнецца-стараецца, а відаць: сілы не тыя. І задышка, і ногі цяжкаватыя. Пацее дужа. Праўда, ні разу нідзе не паскардзіўся, на хадзе з усяе сілы стараецца не адстаць. І ўсё ж адстае.

Тады яму нешта вельмі кепска было. Казаў (прагаварыўся пасля ўжо, як у лазні ляжалі) — радзікуліт даняў. І праўда — цягне гэтак нагу і моршчыцца ўсё. Твар суровы заўжды, грубы і неяк бы скошаны ў адзін бок — міна такая, як калі баліць што. Тады мы двое, маладзейшыя, і то без ног асталіся, а яму куды ўжо. Адставаць пачаў. Параснічак прайшлі, тры разы спыняліся, бо адстане — згубіцца і прападзе. Лейтэнант ужо ўзяў у яго сумку — болей не дае нічога. «Ніякай паблажкі, кажа. Не нада, кажа, балаваць цела. Кажа, нада яго падчыніць волі. Як навабранца старшыне».

— Правільна. Такі закон арміі. А як жа? — уставіў Брытвін.

— Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут — вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам — хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі, і так варанай бульбачкай пахне!..