Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

— Аховы няма. Учора прыйшоў Галёнкін з разведкі. На мосце пуста.

Насунуўшы бот, Маслакоў мякка прытупнуў ім па імшарыстым доле.

Сцёпка адразу ж здагадаўся пра сэнс іхняга задання, і яму стала зразумела, што спаліць мост, мусіць, будзе нялёгка. Калі нават і няма аховы. Там за логам — мястэчка з паліцыяй, адкуль гэты мост відзён як на далоні. Але цяпер сваім пярэчаннем хлопец не хацеў падтрымліваць Брытвіна і маўчаў.

— Удзень, можа, і няма. А ўночы? — сказаў Брытвін.

— А нашто ўночы? Мы ўдзень і падпалім.

— Пад носам у бобікаў?

— А што? Дрэва сухое — пыхне, што порах! Толькі б бензіну болей, — бадзёра пацвердзіў Маслакоў і паглядзеў на Сцяпана. — Тоўкач, давай драгунку.

Хлопец падаў вінтоўку, камандзір дастаў фінку і чаранком пачаў ціхенька кляпаць пад мушкай.

— Уся справа ў тым, як абмазгована. А абмазгаваў ты няважна. Хітрасці няма, — незадаволена зазначыў Брытвін.

— Якой хітрасці?

— Такой, каб сказаў — і адразу паверылі, што ўдасца.

— Хітрасць, хітрасць! Тут наважыцца трэба. Чым раптоўней, тым лепш.

«Ведама ж, так. Што разводзіць нейкія там хітрыкі», — думаў Сцяпан. Слухаючы нетаропкую гаману-спрэчку, ён пазбыўся першага міжвольнага сумнення наконт маслакоўскай задумы і ўзняў на Брытвіна крыўдлівы, амаль злы позірк.

— Не такія нішчылі. Аж трэскі ляцелі. І не палохаліся.

Ён знарок сказаў так груба і задзірліва, каб зачапіць Брытвіна, над якім тым самым сцвярджаў нейкую сваю калі не перавагу, дык ва ўсякім разе не прызнаную ім годнасць. Праўда, гэта выглядала трохі самаўпэўнена, можа, нават легкадумна, але ён ужо адчуў у сабе прыемны халадок помслівай рашучасці і ведаў, што не саступіць.

Брытвін насупіўся.

— Хто гэта — нішчылі?

— А мы.

— Гляджу: разумныя вельмі, — з'едліва сказаў былы ротны.

Было прыкметна, аднак, што ён асцярожнічаў, можа, хітрыў, тым самым паслабляючы ў сабе звыклую камандзірскую самаўпэўненасць, якая нядаўна яшчэ трымала Сцёпку наводдалі. Адчуўшы гэта, хлопец ужо шыбаваў напралом, беручы на сябе яшчэ больш, абы толькі дапячы Брытвіну за нядаўнюю яго пагарду.

— Ды ўжо ж баяцца не будзем. За шкуру дрыжаць.

З рова, шорхаючы кажухом у голлі, зморана вылез Даніла і стаў ззаду, прыслухоўваючыся да размовы.

— Што ж, пабачым! — раптам рашуча аб'явіў Брытвін.

— Пабачыце.

— Ладна, годзе! — прыкрыкнуў Маслакоў. — Прыйдзем, агледзімся, вырашым на месцы. Трымай стрэльбу.

Не ўстаючы, ён шпурнуў у Сцяпанавы рукі вінтоўку, якую на гэты раз той са спрытным ляскам ухапіў за ложу.

— Абы дажджу не было. — Маслакоў паглядзеў на неба.

Астатнія, апроч Брытвіна, таксама паднялі галовы. Бялявая смуга там, здаецца, гусцела, небасхіл за раўком нават падазрона засінеўся. Падобна — сапраўды збіралася на дождж.

— Нешта хмарыцца, — няпэўна сказаў Даніла.

— Відаць, што хмарыцца.

Маслакоў энергічна ўстаў на ногі.

— Ну, патопалі! Даніла, бяры каністру. Тоўкач сваё аднёс.

5

Яны выходзілі з Грыневіцкага лесу, ельнік радзеў — мабыць, канчаўся, шырэй раздалося неба над галавой, побач ужо праглядваў узлесак. Раптам Маслакоў коратка кінуў: «Чакайце!» — і, крута збочыўшы са сцежкі, схаваўся ў суцэльным зялёным гушчары хвойнага падлеску. Астатнія трое спыніліся з лёгкім недаўменнем на тварах. Даніла, адсопваючыся, адразу паставіў каністру і сеў, Брытвін засцярожліва глядзеў у гушчар. Сцёпка счакаў трохі, потым паклаў на траву вінтоўку і, стаўшы на калена, пачаў падкручваць завязку на боце, які ашчэрыўся так, што вылезла ануча. Але не паспеў хлопец развязаць драцяны вузел, як з гушчару данеслася: