Читать «Олівер Твіст» онлайн - страница 277

Чарльз Дыкенс

Тут ён пазнаў Олівера і містэра Браўнлоў. Забіўшыся ў самы дальні куток свайго ложа, запытаўся, што ім тут трэба.

— Ціха, — сказаў наглядчык, усё яшчэ трымаючы яго. — Ну, сэр. Пытайце ў яго, што вы там хацелі спытаць, і хутка, бо ён з кожнай хвілінай становіцца ўсё горш!

— У вас ёсць паперы, — сказаў, наблізіўшыся, містэр Браўнлоў, — якія былі аддадзеныя ў вашы рукі дзеля бяспечнага захавання чалавекам па імені Манкс.

— Гэта ўсё хлусня, — адказваў габрэй. — Ніякіх папер у мяне няма.

— Дзеля Госпада Бога, — урачыста прамовіў містэр Браўнлоў, — не гаварыце так цяпер, на парозе смерці, скажыце мне, дзе яны. Вы ведаеце — Сайкс мёртвы, Манкс прызнаўся, і ніякай выгады атрымаць больш нельга. Дык дзе паперы?

— Олівер, — усклікнуў габрэй і жэстам паклікаў яго. — Ідзі сюды. Я табе на вуха скажу.

— Я не баюся, — сказаў Олівер упаўголаса і вызваліўся ад рукі містэра Браўнлоў.

— Паперы ў парусінавым мяху, — сказаў габрэй, прыцягнуўшы Олівера да сябе, — схаваныя ў пройме над комінам у верхнім пакоі. Я хачу пагаварыць з табой, мой мілы. Хачу пагаварыць з табой.

— Добра, добра, — адказаў Олівер. — Дайце я прачытаю малітву. Прашу вас! Дазвольце мне прачытаць малітву. Толькі адну, разам з вамі на каленях, і потым мы будзем гаварыць да самага рання.

— Выходзь, выходзь, — адказаў габрэй, штурхаючы хлопчыка перад сабой да дзвярэй і безуважна гледзячы паверх яго галавы.

— Скажы, што я пайшоў спаць, — табе яны павераць. Ты можаш мяне вывесці, калі будзеш ісці са мной так. Ну, ну!

— О! Божа, даруй гэтаму няшчаснаму! — усклікнуў хлопчык і заліўся слязьмі.

— Правільна, правільна, — сказаў Фэджын. — Гэта нам дапаможа. Спачатку ў гэтыя дзверы. Калі я пачну трымцець, праходзячы каля шыбеніцы, не зважай і паспяшайся. Ну, ну!

— У вас яшчэ ёсць пытанні, сэр? — спытаўся наглядчык.

— Больш пытанняў няма, — адказаў містэр Браўнлоў. — Каб я мог спадзявацца, што можна дабіцца, каб ён уцяміў сваё становішча.

— З гэтага нічога не атрымаецца, сэр, — адказаў той, хітаючы галавой. — Лепш пакіньце яго ў спакоі.

Дзверы камеры адчыніліся, і з’явіліся наглядчыкі.

— Паспяшайма, паспяшайма! — крыкнуў габрэй. — Без шуму, але і не марудзячы. Хутчэй, хутчэй!

Мужчыны падхапілі яго пад рукі, вызвалілі Олівера, адцягнулі яго назад. Нейкую хвіліну ён змагаўся з сілай адчаю, а потым пачаў крычаць так, што крыкі гэтыя пранікалі нават скрозь тоўстыя сцены і звінелі ў вушах наведвальнікаў, аж пакуль яны не выйшлі ўва двор.

Яны не адразу пайшлі з вязніцы. Пасля страшнага відовішча Олівер ледзь не самлеў і быў такім слабым, што з гадзіну ці болей не мог ісці.

Калі яны выйшлі, бралася на дзень. Ужо сышоўся ладны натоўп. Ва ўсіх вокнах цясніліся людзі, якія курылі, гулялі ў карты, каб прабавіць час; у натоўпе штурхаліся, сварыліся, жартавалі. Усё гаварыла пра бурлівасць жыцця, — усё, акрамя спалучэння страшных прыкметаў у цэнтры ўсяго: чорнага ўзвышша, перакладзіны, вяроўкі ды іншых агідных інструментаў смерці.