Читать «Олівер Твіст» онлайн

Чарльз Дыкенс

Чарльз Дыкенс

ОЛІВЕР ТВІСТ

Раман

Класіка не старэе. Твор Дыкенса адпавядае нашаму часу яшчэ і тым, што на дзіва арганічна спалучае дзве такія цяжка сумяшчальныя пад вокладкай дзіцячай чытанкі тэмы, як любоў і каханне.

Перакладзены на сотні моў, раман Дыкенса цяпер прадстаўлены чытачу і па-беларуску.

РАЗДЗЕЛ І

апавядае пра месца, дзе нарадзіўся Олівер Твіст, і пра абставіны яго нараджэння

У адным горадзе, які са шматлікіх прычын лепш не называць і якому я не надам аніякага выдуманага наймення, знаходзіцца будынак, які ёсць амаль ва ўсіх гарадах, як вялікіх, так і малых, — працоўня. У гэтай працоўні ў той дзень і час, называць якія мне няма патрэбы, бо гэта не мае аніякага значэння для чытача на дадзенай стадыі апавядання, нарадзіўся смяротны, імя якога папярэднічае першаму раздзелу.

Яшчэ доўгі час пасля таго, як прыходскі доктар прыняў яго ў гэты сумны і тлумлівы свет, было досыць сумнеўным, ці выжыве дзіця наогул, каб насіць нейкае імя; у горшым выпадку гэтыя ўспаміны ніколі не выйшлі б у свет, а калі і выйшлі б, дык мелі б некалькі старонак і, дзякуючы гэтай найкаштоўнейшай іх перавазе, былі б найбольш кароткім і праўдзівым узорам жыццяпісу з усіх, што калі-небудзь захаваліся ў літаратуры любога часу ды любой краіны.

Я не хацеў бы сцвярджаць, што народзіны ў працоўні — найшчаслівейшая і найспакуслівейшая справа, аднак я ўсё-ткі маю на ўвазе, што для Олівера Твіста ў яго становішчы гэта было найлепшым выйсцем. Бо досыць цяжка аказалася прымусіць Олівера Твіста ўзяць на сябе клопат і пачаць дыхаць, а гэты занятак хоць і абцяжарвае, аднак такая ўжо завядзёнка, што ён неабходны для нашага бязбеднага існавання. Нейкі час ён ляжаў, душачыся паветрам на невялікім матрацы з воўны, у стане няўстойлівай раўнавагі паміж гэтым светам і тым, які будзе, прычым ён яўна аддаваў перавагу апошняму. Калі б у гэты кароткі прамежак часу вакол Олівера былі ўважлівыя бабулі, устрывожаныя цёткі, дасведчаныя нянькі ды мудрыя дактары, ён быў бы непазбежна і бясспрэчна забіты. Паколькі ж тут паблізу не было нікога, акрамя старой жабрачкі, у якой галава пайшла кругам ад нязвыкла вялікай колькасці піва, і прыходскага доктара, які выконваў свае абавязкі паводле кантракту, то Олівер і Прырода перамаглі.

У выніку Олівер пасля кароткага змагання ўздыхнуў, чыхнуў і абвясціў насельнікам працоўні пра новы цяжар, што цяпер клаўся на прыход, такім гучным ровам, які можна было чакаць ад дзіцяці мужчынскага полу, якое не мела гэтага карыснага дару — голаса — яшчэ якія тры з чвэрцю хвіліны таму.

Як толькі Олівер выявіў гэты першы доказ неабцяжаранай і належнай дзейнасці лёгкіх, шматковая коўдра на жалезным ложку заварушылася, спалатнелы твар маладой жанчыны прыўзняўся з падушкі, і слабы голас абазначыў словы:

— Дайце мне зірнуць на дзіця... і памерці.

Доктар сядзеў тварам да каміна, папераменна грэючы і расціраючы далоні. Калі маладая жанчына загаварыла, ён падняўся і, наблізіўшыся да ўзгалоўя, сказаў голасам больш цёплым, чым ад яго можна было чакаць:

— О, вам няма яшчэ патрэбы гаварыць пра смерць.