Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 98

Янка Купала

II

Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца…       Ўжо збываюцца бацькавы словы: Ад рукі сына першага вісельні гнуцца,       Ў зямлю йдуць маладыя галовы. Захапіў яго похмур лядачны, крывавы,       Жалязянымі клешчамі сьціснуў; Дзе ні ступіць — згібаюцца краскі і травы,       I пракляцьце шуміць бескарысна. Ён і рад і ня рад, а пуцьця меней штодзень       На тэй выбранай сьцежцы, і ные; Ўжо адны ў вочы кідаюць — здраднік, звыродзень,       На пагібель, на звод шлюць другія. Не зыходзіць са шляху свайго і другі сын —       Чуць ня йдзе сьледам першага брата: Ўжо на згубу зь зямлёю і з хатай запісан,       I ўсё ж долі завідуе ката. Засядаць, панаваць на хватаным багацьці       Не кідае за дзьверы надзеі, Хоць мінула даўно яго сьвята па сьвяце,       Хоць пасад свой на выдмах разьвеяў. Загубіў сваю скуру, чужая ж ня цешыць       Абадранай душы ў павуціне; Проць сваіх, проць чужых крывадушыць і грэшыць,       I так вязьне, як камень у ціне. Трэйці, смоўжам прыліпшы да трэйцяй пуціны,       Чэзьне чэрвем на службе ў напасьці: Уздыхае, чакае збаўленчай дзяніны,       Не дае, што ня мае, раскрасьці, З кволых ніў палыны быццам зводзіць, ня зводзіць,       Часам косьці зачэпіць нарогам; Дома дрэме, сьціскаецца стульна, як злодзей;       Б'е падданчы паклон за парогам. А сваяк і чужак строіць петлі і сеці,       Аплятае ўсё віднае ночай; Зварухнуцца ня сьмее ў заплесьнеўшай клеці;       На браточкаў зубамі скрыгоча. Так расьце нездавольства ў сыноў чарадзея —       Ў іх саміх і на іх, на ўсім сьвеце; З ходу-выхаду выйсьці адна ў іх надзея:       Каб саміх адалеці і сьвет адалеці.