Трох сыноў чараўнік на сьвет белы выводзіў, Трох сыноў, што хаваў узаперці;Шэпты-чары тварыў ён над імі на ўсходзе, — Як жыць лепей, як лепей памерці.Тры паказываў ім ён на сьвеце дарогі, Тры пуціны іх долі-нядолі,I даваў-насылаў ён сынам асьцярогі: Што чакае у чыстым іх полі.«А як пойдзе хто першай, — ён кажа ім гэтак, — Што на ўсход шляхам чорным кладзецца, —Напаткае чужацкі крывавы палетак, I ў крывавай скупаецца рэчцы.Той шлях першы і першая рэчка атрутай Спояць так і за хатай і ў хаце, —На другіх будзе строіці петлі і путы, I сам гэтыя путы цягаці.А як пойдзе другім хто гасьцінцам-дарогай, Што на захад кладзецца вужакай, —Свой палетак любіць стане горай чужога, Прыпадзе к чужой рэчцы, як п'яўка.Той другі шлях і рэчка другая загладай Атуманяць душу, зальюць вочы;Будзе сонца шукаці сабе, як прынады, — Даць, знайшоўшы, другім не захоча.А як пойдзе хто трэйцяй сьцяжынай-пуцінай, Што сваёй не мінае граніцы,Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай, Сьмягнуць будзе над роднай крыніцай.Той шлях трэйці і трэйцяя рэчка сьляпою Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі…Ён насыпе пяшчаны узгор нада мною I таптаці узгор гэты будзе».Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці — Спадкі — цень свой на памяць аставіў…А сыны сталі праўдзе — няпраўдзе служыці У сваёй кожны долі і славе.Спадабалася першаму першая сьцежка, А другая — другому сыночку,Ўзяўся трэйці на трэйцяй, як грыб-сыравежка, Спатыкаці, праводзіці ночку.