Читать «Шляхам жыцьця» онлайн

Янка Купала

Янка Купала

Шляхам жыцьця

Шчыра паважанаму

доктару А. П. Ерэмічу

гэтую кніжку пасьвячаю.

Аўтар

I. Бацькаўшчыне

*** Усяго па крысе…

Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, — Пры сасе пры касе собрана за лета.         Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра,         Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай. Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня; Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя.         Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай;         Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата. Што у думках я меў, кепска даць ня браўся, Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся…         Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды,         Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы. О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе… Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі!         А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы!         Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.

Песьня мая!

Песьня мая не ўзышла сярод кветак, Кветак цьвітучага вечна паўдня… Поўначы сумнай забыты палетак Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня. Пушча і ночка яе гадавалі, Няньчылі казкамі долі нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Сьнежныя буры тулілі зімой. Песьня мая не ўсьпінае атласаў, Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, — Знацца ёй досьць зь беларускаю красай — Лесам шумеці, касою званіць. З думкамі ходзіць забранага краю, Служыць і верыць у лепшы усход… Бо, калі гасьне паходня старая, — Новую заўтра распаліць народ. Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы Ў княжацкіх хорамах слухаць музык, Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай К сонцу і зорам, прастор дзе вялік. Ёй не патрэбна ўсясільных прынука, Службы лакейскай ня знае яна: Воля жывая ёй вечнай зарукай, Волі нязьмеранай — служба адна. Песьня мая не шукае прывету, Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, — Вецер свабодны з далёкага сьвету Стрэне, праводзіць адпевам сваім. Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе, Слухае бору адвечнай жальбы, Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі, Ў зорках шукае жыцьця варажбы. Песьня мая не зачэпе сягоньня Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб, Зваленых хат і людзей у прыгоне, Ўсходным зярном неабсеяных скіб… Час, як крыніца, ідзе, не марудзе… Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць, Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі Будуць пачатую думку снаваць. Песьня мая не шукае чырвонцаў — Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, — Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы, Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям. Пеці, і з часам, у добрую пору, Выклікаць водклік у сонным сяле… Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора, Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.