Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч;Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў…Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,Толькі з лескатам выбегла рэха.— Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваўНа вяселле цябе сваей княжны!..Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай.Ты адважыўся мне на сляпы перакорВызваняці сусветныя трэлі;Платы маю шмат я для такіх непакор,Хто сябе проці мне стаць асмеліў,Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!Ты не хочаш дукатаў — не трэба!..Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!
XI
Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка.Гуслі разам яго самагуды:Па-над бераг круты, дзе шумела рака,Павялі, паняслі на загубу.Месца выбралі здатнае, вырылі дол,Дол тры сажні шырокі, глыбокі;Закапалі, убілі асінавы кол,Далі насып тры сажні высокі.Не часалі дамоўкі яму сталяры,Не заплакалі бліжнія вочы;Змоўклі гуслі і ен з той пары — да пары;Сум і сціша залеглі, як ночай.Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:Шалы, музыка ў тахт рагаталі;Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.
XII
Пацяклі, паплылі за гадамі гады…На гусляравым наспе жвіровымПалыны узышлі, вырас дуб малады,Зашумеў непанятлівым словам.Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,Зацвілі пераказы ў народзе;Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзедЗ кургана, як снег, белы выходзе.Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.Жменяй водзіць па іх абамлелай,І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць,І на месяц глядзіць, як сам, белы.Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…Можна тут веру даць, толькі слухаць душой…Курганы шмат чаго нам гавораць.
Грабар
Ўжо даўно у вялікім у горадзе Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам Долы-сховы сякім і такім.Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю, — Супачынку ня знае грабар;Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах Сам з рыдлёўкай сваёй — гаспадар.Пакуль там з дамавінаю ўладзяцца, Змыюць цела, пакуль прыбяруць,А ў яго ні зь сяго дол і выкапан, I ня змыліцца ў меры нічуць.Як дамоўку спускаюць вяроўкамі… Ажно дзіў, які важны спачын:Глыбіня, шырыня дапасованы, Не дагодзіць так бацьку і сын.А засыпе зямлёй супакойніка, Які насып удоўжкі і ўзвыш!I дзярном-дываном бераг высьцеле, I з каменьчыкаў высьцеле крыж.Доўга-коратка жыў так — няведама, Пэўна, жыў, колькі трэ' было жыць;Але вось, як на злосьць, і абрыдала Яму гэтак штодня ямы рыць.Без канца неспакойства штодзённае; Як на варце, з рыдлёўкаю стой;Пахаваў, насып даў небарачніку, — Бач, другі ўжо расстаўся з душой.Каб за раз ад усіх адкараскацца, Вось тады б то аддыха была!Песьні б пеў, не мадзеў сьвятам, буднямі; А так — доля ня тое дала:Мрэ адзін, а ўсё зь ім не ўмяншаецца; На яго мейсца родзіцца пяць…Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю Той грабар і штось выдумаў, знаць.Ён рыдлёўку сваю жалязяную Кавалю пацягнуў, паказаў;Як зьмяю, так сваю землякопніцу, Насталіць, натачыць прыказаўI давай ён тады дзіву дзіўную Апраметна капаць глыбіну,А ўсё так, не 'бы як, не спыняючысь, Верне брылы адну на адну.Хто спытае: каму? — не адказвае, Адно толькі ямчэй капане;Аб нічым аб другім і не ўздумае, Думку зьвёў аб ядзе і аб сьне.Рые тыдзень, другі; яма большыцца; Ўжо кладзе за адкосам адкос;Дол глыбок, і пясок над магілінай, Як і глыб, — гэтак высака ўзрос.Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца, Ўжо работы ўсяго на паўдня;Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму… Не стрывала матуля-зямля:Ў яму рухнула зьверху, хаваючы Грабара і яго працу ўсю…Але што ж? Для каго ж дол быў копаны?∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю!