Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе Важны ўзносіўся хорам-сталіца,Чарнабожнік над ім непрагляды завесіў, Каб нялёгка было прыступіцца.Стуль выходзілі ветры — і шум падымалі, Туды зь неба валіліся зоры,Там адны уставалі, другія драмалі, Сьмерць, жыцьцё свае мелі запоры.З зор сатканы былі недасяжныя сьцены, Росы ўнізе ірдзелі яскрава,А на вышках, як сон на зямлі, пераменны Залаты месяц радасна плаваў.Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы, Зіхацела ў ім кожна часьціна, —На пасадзе сядзела цьвет-ночка — царыца… Звалі тыя і сія Судзьбінай.Векавечна ў руцэ адной сонца трымала, Перуны у другой руцэ мела:Іншы раз ціхім сонцам зямлю абнімала, Інша раз перунамі шумела.Патрасала пасады, скідала кароны; Тым, другім, была каменем-хлебам;Выдавала народам старыя законы, Кіравала зямлёю і небам.Не адзін аб ёй ведаў і разам ня ведаў, Чуў — ня чуў аб ёй, бачыў — ня бачыў,Кожны толькі яе падпільновываў сьледу, Плакаў, выў, як было што іначай.Чуткі толькі ішлі, як туманы, і вялі Ў самасейным паходзе сталецьцяў,Што пранікнуць яна можа ў тайныя далі I адкрыць сьветы новыя ў сьвеце.Гэткай паняй ясьнела у хораме зорным Цараўладнай і разам няўладнай;Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным К царству, к рабству вяла беспраглядна.Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў, Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў, —Захацелі ў Судзьбіны даведацца меры, Як жыць лепей, памерці як лепей.
IV
Трох братоў, сваёй кожны дарогай-пуцінай Наблудзіўшыся, выхад спаткалі:Ім парады далі назаўсёды ў Судзьбіны, Як трымацца тых радаў, сказалі:Першы брат ад яе меў наказ незабыты: — Нездарма быць хацеў царам ночы,І сваіх і чужых расьпінаў на крыжы ты; Крыўдай праўдзе сьмяяўся у вочы.Бачыш зоры і сонца вясёлае бачыш? Зь імі рвіся ўсім сэрцам зраўняцца,А як сьлед свой зарнічным сьвятлом абазначыш, — За табой кінуць зморы ганяцца.Хочаш цішы прытульнай і ласкі патольнай, Збудаваць Божы быт на пакутах, —Дай другім волі ў волю, і сам будзеш вольны, Не дасі — зь сьвету зыдзеш у путах.Брат другі яе мудрыя выслухаў рэчы: — Не туды цэлы век пёрся здуру;На быдлячы мяняў воблік свой чалавечы, Каб напяці гладзейшую скуру.Хто пакінуў свой дом на пасьмешышча нетрам, Дом чужы таму будзе астрогам;Хто паклоны біць стаў збоку злыбедным ветрам, Свой пасад таму стане бярлогам.Вызнай, кім цябе бацька на сьвеце пакінуў, — Станься тым ды йдзі к меншаму брату…Не прыслужнем будзь ласцы прыблуднага сына, Будзь пракляцьцем яму — свайму кату.Трэці брат ад Судзьбіны наказ пераслухаў: — Сну-траве ты занадта даў веры,I ў сябе шанаваць чалавечага духа Не патрапіў наўчыць брата-зьвера.Ўспомні, выклічы родныя ўсе загаворы I зводзь імі прыблудаў заломы,Што ляглі на твае крывасейна разоры, Што страчаеш за домам і дома.Схову новую ладзь, больш твае скуль прыпасы б Не валок зводны зьмей і начніцы;Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып, Што паганіць нага чужаніцы.