«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,Не такую задумаў ты думу, —Не дае гуслярам сказу золата цвет,Белых хорамаў п'яныя шумы.Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;Гуслям, княжа, не пішуць законаў:Небу справу здае сэрца, думка мая,Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —Ім пакорны я толькі з гуслямі,Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —Не скуеш толькі дум ланцугамі.Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,І душу — як скляпоў гэтых сховы».
VIII
«Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае:Сарачні там сох бачыш, як блудзе;А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,Дзе і як жывуць гэтыя людзі?Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь,Што настроіў пад хорамам гэтым:Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,Кроў, якой і твая моц не змажа.Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк —Гэта цертая сталь ад кайданаў,Гэта вісельні петляў развіты шнурок,Гэта, княжа, твае саматканы».
IX
«Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, —Гэта косці бядноты рабочай;Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —Гэта слезы нядолі сірочай.Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,Адшліфованы цэгла і камень, —Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл,Гэта — сэрцаў скамененых пламень.Люба чуці табе скочнай музыкі звон:Ты, дружына п'яце асалоду, —А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,Стогн пракляцця табе, твайму роду?!Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!Госці хмурны, а дворня знямела…Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!Выбачай, калі спеў мо няўмела».