Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 94

Янка Купала

III

Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі: За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. На вяселле-разгул наплыло, як на сход, Госці знатных зусюль, за паўсвету, Гэткай гучнай бяседы не номніў народ, Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!.. Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня, І музыкі, і чаркі звінелі; Выдумлялі забаў новых кожнага дня; Што хацелі — ўсяго госці мелі. Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну Для дружыны пацеху-забаву: Загадаў ён пазваць гусляра-старыну, Гусляра з яго ведамай славай.

IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала; Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала. Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, — Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары, чарэсні; Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць, Салавей-птушка ў той час сціхае; Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць, Паплаўкі рыба-плотка хавае. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць: Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты: Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп, На цагляным парозе магната. Невыдумная світка — убор на плячах, Барада, як снег белы — такая, Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі. Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе; Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах, Заміраючы ў сховах пакояў. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед, І чакае ад князя прыказу.

VI

— Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай, Славай хат маіх подданых слаўны?! Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, — Князь умее плаціць незвычайна! Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям — Поўны гуслі насыплю дукатаў; Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам — Канапляную возьмеш заплату; Знаеш славу маю, знаеш сілу маю… — Многа знаю і чуў аб табе я, — І я сам, як і ты, так табе запяю… — Ну, пара пачынаць, дабрадзею! — Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр, Заіскрыліся вочы сівыя, Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар, І заплакалі струны жывыя.