Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 68

Янка Купала

Наша песьня

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,         Песьня наша, як воля, магучая! Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,         Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя! Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі,         Дума-песьня ня хітра складаная, Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!..         Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю. Як на небе зара ці як думка ў душы,         Не скуесься няволі ты путамі: Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —         Запяешся людзьмі і закутымі. Пей жа, песьня, дзень, ноч, песьня, родная нам,         Апявай жыцьцё наша праклятае, І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,         Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае. Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,         Песьня наша, як воля, магучая! Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,         Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..

*** Падсякайце тое дрэва…

Падсякайце тое дрэва,         Што ў корні ўсыхае; Не ўважайце таго сэрца,         Што жалю ня мае. Страшце птушку, празь якую         Свойская загіне; Забывайце песьню, што вам         Вораг ваш накіне. Ой, гадуйце, падлівайце         Гай жывы, зялёны: Сэрцу добраму давайце         Добрыя паклоны. Паважайце тую птушку,         Што крыўды ня робе; Не цурайцесь роднай песьні         Ў шчасьці і ў жалобе.

Папросту

Простым мы словам зь сьветам гаворым, Песьні аб цяжкай творым нягодзе, З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,         Рвёмся к свабодзе. Простая нашых прадзедаў слава, Хоць апаганена мудрым чужынцам; Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа —         Простым гасьцінцам. Сьвет там выдумкі хітрыя знае — Троны, кароны, вісельні, кулі, — Выдумаць гэта мы ў сваім краі         Неяк мінулі. Летась нягодна, сёлета горай Проста жылося, проста жывецца, Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы         Кожны к нам прэцца. Нас гадавалі віхры і ночкі, Крыўдай паілі нас ад пялёнкі — Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі         З роднай старонкі. Хочам папросту, каб лепш ручыла Нашым хацінам, нашым прыплодам, Каб стаць раўнёю славай і сілай         Іншым народам. Проста жывём мы, як доля лучыць, I крывадушыць не прабавалі… Просім папросту: кіньце нас мучыць,         Ляхі, маскалі!