Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 66

Янка Купала

Лірнік вясковы

Памяці Вл. Сырокомлі

Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,        Не аб славе забытаго краю, Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,        Гэту песьню сягоньня складаю. Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры—        Думку-памяць, што ў сэрцы залегла, Аб тэй зорцэ, што некалі з добраю верай        Над зямелькай ясьнела і зьбегла. Аб музыцэ, што лірай сваей чарадзейскай        Мне ў душы сьветач выклікаў новы, Каб мсыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў,        Як жыве вечна Лірнік вясковы.

*

Над Вільёй, дзе сталіца была Гедыміна,        На магілках, што Росса завуцца, Курганок там убачыш пакрыты дзярнінай,        Над дзярнінай бярозкі трасуцца. Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам        Аб жыцьці пахаваным пад імі; Людзі ходзюць маліцца над насыпам гэтым,        Пасьвенцаці сьлезамі жывымі. Пяцьдзесят раз у зелень весна спавівала        Ніву нашу і насып жвіровы,— Над курганам тым сэрцаў мільёны шэптала:        Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.

*

На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,        Гэт пад лесам за вёскай бедачай Песьню-музыку сумную здаля чуваці:        Пастушок там на дудцэ так плачэ. Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца,        Сам, як колас, хістаецца ў полі… На загоне жнея над снапочкамі гнецца;        Сонцэ іхней дзівуецца долі. Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,        Пахіліўшы маркотна галовы, Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай        Ім аставіў іх Лірнік вясковы.

*

Песьні гэтай знаём і палац мураваны,        Што ў хмяліных бялее повоях,— На пачэсным кутку заседае жаданай—        Мілай госьцей ў багатых пакоях. I ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай        Тую-ж долю-нядолю гадуе, Гэта песьня плыве над ліповой калыскай—        Гэтак маці над дзіцем бядуе. З маткай рэчка і вецер па свойму запелі,        Зашумеў бор зялёны, сасновы, Як-бы тые напевы яны зразумелі,        Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.

*

А калі ты, гаротнік, тулач беззямельны,        Будзеш долей закінут у горад,— Ты пачуеш і там голас той непаддзельны,        Што спаткаці, пачуць быў даўно рад. Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,        Ноч праводзюць, усходу чэкаюць, Ці нешчаснаго ўбачыш, як гнецца галодны—        Ты спытай — яны Лірніка знаюць. Там і сіняя мгла, як настануць марозы,        На муры сее пух брылянтовы, Быццам тые праўдзівые сьветлые сьлёзы,        Што калісь выліў Лірнік вясковы.

*

Ўсюды Лірнік сваей чарадзейскаю лірай        Думкі-чары, як кветкі разсеяў,— I ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра—        Адгадаці малая надзея. Час патрапе усё пакрышыць, адалеці,        Путы нават змарнеюць у плесьні,— Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,        Будуць жыці і лірнікаў песьні. Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за векамі.        Не забудуцца дум тваіх словы, Як і слоў беларускіх жывучы між намі        Не забыўся ты, Лірнік вясковы.