Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 64

Янка Купала

Памяці Вінцука Марцінкевіча

Шмат лет не ручыла нам доля. Крывымі вяла пуцінамі, Ня маючы ласкі і жалю Над нашай старонкай, над намі. Хто мы, адбірала нам памяць, Чужыншчынай ціснула грудзі, Ня раз падцікалася з думкай, Што мы ўжо — ня мы і ня людзі. З нас самых і з гутаркі нашай I свой, і чужынец стаў кпіці. Ўсё роднае стала няродным, Прост хоць і на сьвеце ня жыці. Так ночка хацела быць паняй, Так сівер нас зводзіў і страшыў, Ды вось, як на тое, судзіў Бог I нам на сваім быць кірмашы. Нябожчык Вінцук Марцінкевіч Ня сьцерпіў такой нашай мукі, — Паслухаўшы сэрца, бярэ ён Дуду беларускую ў рукі. I песьню за песьняй парадкам Пусьціў, як жывую крыніцу: Пасыпалісь, проста як зь неба, «Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы». Як стораж, стаў сьмела на варце Радзімых запушчаных гоняў, Стаў сеяць па-свойску ўсё тое, Што мы далей сеем сягоньня. А кемкую меў ён натуру, — Спанатрыў, дзе праўду шукаці, У тахт беларусавай думцы Патрапіў запеці, зайграці. Калі засьмяецца, бывала, То хоць за бакі ты бярыся; Калі ж і разжаліцца сумам, Дык хоць ты зь сьлязою жаніся. Умеў ён прынадна настроіць Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе, Што нам і цяпер яна грае, I вечна канца ёй ня будзе. Чвэрць веку, як бае ўжо недзе Сьвятым беларускія песьні, А быццам ён з намі талкуе Аб нашай зіме і прадвесьні. Жыве паміж намі дудар наш… Жыць кожны так будзе, мой братку, Хто родну старонку палюбіць, Маўляў добры сын сваю матку.

Памяці Мар'і Конопніцкай

I сышла ты, пясьнярка народаў, Божы сьветач жывых пакаленьняў, Ў новы край невядомага быту Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў. I пакінула загадку сьвету — Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі: Ці то сонца зайшло назаўсёды, Ці ім долю мо' іх пахавалі?.. Бо як песьня твая ўсемагутна Безгранічна зьвінела, будзіла, — Так няма ні граніцы, ні меры Ўсёй жальбе над тваёю магілай. I хаця сэрца сьціхла, заныла, Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, — Голас думак тваіх яшчэ будзе Не з адным гаманіці сталецьцем. Дух твой зь сьветласьцяй неба сальецца I з праменьнямі сонца сьвятога Сьлёзы-росы высушываць будзе І паказываць к праўдзе дарогу. Памяць насып-магілку ўхарошыць З жывых кветак рукою сірочай, Як квяцісты былі твае песьні Сярод земскай і сьцюжы, і ночы. А зь мільёнаў грудзей набалелых Плысьці ўздох зь веку ў век не пакіне Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых, Па вялікай пясьнярцы-княгіні.