Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 62

Янка Купала

Прарок

Сярод маны, сярод насьмешкаў, Знак нейкі тулячы к грудзям, Ішоў прарок пясчанай сьцежкай З навукай новаю к людзям. Праціўны вецер лез у вочы I плачам пеў, як дзіцянё, Зьвяр'ё зубамі йграла ўночы, Днём выла ў небе груганьнё. А ён, ня знаючы граніцаў, Ішоў, хістаючысь наўслонь; Агонь біў толькі з-пад зраніцаў, Вялікіх праўд сьвяты агонь. Душа палала дзіўным жарам, Бы з зораў выснутая ніць, Што сьвет магла б сваім пажарам Абвіць і к сонцу ўваскрасіць. Ужо з сваім аклічным словам Прарок далёка быў вядом, Народу шмат збудзіў к дням новым, Даў славу братнюю братом. Аж так дасяг — аквечан хвалай — Зямлі забранай сумных хат, Дзе царства цемры панавала, Дзе сілу ўзяў над катам кат. Народ змарнеўшы таго краю Свайго на'т імені ня знаў, Як непатрэбшчына якая, Гібеў на сьвеце і канаў. Галовы людзі пахіліўшы, Зямлю капалі, як краты, Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы Усе жаданьні яснаты. Прарок — пасол сьвятла — ў загону Людзей убачыўшы такім, Маячыць стаў ім, як шалёны, Прарочым голасам сваім: «Паўстаньце, рабскія натуры, Пакіньце свой адвечны сон, Загаманіце віхрам, бурай, Каб ажна дрогнуў ваш палон! Глядзіце: прадзедавы косьці Ў зямлю калісь за вас ляглі, А вы, як збэшчаныя госьці, Пракляцьцем сталі той зямлі. Дзе вашы песьні жыватворны? Дзе ў вас прарокі й дудары, Што над пагібельнасьцяй чорнай Віталі б полымем зары? Забылі ўсё, згубілі долю, Зьмяшалі славы цьвет з гразёй I запрадаліся ў няволю, З душой і скурай счэзьлі ў ёй. Пара у рукі браць паходні, Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць! Бо што ня возьмеце сягоньня, Таго і заўтра вам ня ўзяць. Назло крывавым перашкодам Скідайце ёрмы, клічце сход, I дайце знаць другім народам, Які вы сільны йшчэ народ! За мной, за мной, забраны людзе! Я добрай доляй послан к вам I знаю, што было, што будзе, I вас у крыўды не аддам». Так гаварыў і з рабства клікаў Людзей на волю той прарок, Ждучы з трывогаю вялікай Ад іх адказу неўнарок. А людзі, глянуўшы на сонца, Адказ казалі грамадой: — Па колькі ж нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?