Гэй, капайце, далакопы, Яміну-магілу, —А шырока, а глыбока, Колькі хваціць сілы.Так капайце днём і ночай, Помач усклікайце, —Бо ў тым доле хаваць будзем, Беларусь хаваці.
*
Гэй, ударце, загудзіце, Званы з усіх вежаў,Каб ніхто ўжо пары гэтай Дома не залежаў.Так званіце, не кідайце, Дружыну склікайце…Хаўтуры ўжо свае будзе Беларусь спраўляці.
*
Гэй, зайграйце ў мільён струнаў, Слаўныя музыкі,Каб аж водгалас каціўся, Як ёсьць сьвет вялікі.Так іграйце, каб было ўжо І глухім чуваці, —Каб маркотна не было спаць Беларусі-маці.
*
Гэй, зьбірайцесь на памінкі, І сыны, і дочкі,Справім гучную бяседу Пад аслонай ночкі.Сабірайцесь, ды ня сьнеце Галасіці звонка, —Памінаць бо толькі будзем Родную старонку.
На рынку
— Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі! А жыва да нас на таргоўлю:Пакупка — гасьцінчык вам кожнаму будзе Чырвоненькі, хатняй гадоўлі!Паціху… ня бойцеся — пойдзе ўсё гладка, — Крый Божа, якога прымусу.Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка… Ўсёй куплі — душа беларуса…Меў хату, меў поле; — прыйшлі і забралі… Сам вінен: ня ўмеў пільнаваці.Ну, ўсякаму ж трэба як-небудзь жыць далей, — Душу вось і можа прадаці…Падходзь жа, паночку!.. зьнімі акуляры — Лепш будзе агледзіць пакупку,Ты, барынька, так жа падбліжся!.. мы нары Дамо нават зь ёю, галубкай…Штось срэбнікаў з трыццаць — як піша ў законе — Узяў за Хрыста калісь Юда…Аб гэткай цане ані сьнім мы сягоньня: Станела ўсё — душы і цуды.Дасьцё крыві з каплю, з гарошынку чэсьці, І — ваша душа ва ўсёй хвале…Бо так — не купіўшы — ня сьлед на крыж весьці, Гатовы сказаць, што вы ўкралі…
Чужым
Мы вас прынялі хлебам і соляй, Людзі чужыя;Ўстрэлі вас ласкай нашага поля Кветкі жывыя.Нашы сасонкі шумнага бору Далі вам хаты,Далі загонаў нашых разоры Гонар багаты.Пух і аўчынкі нашага хову Грэлі зімою.Птушкі вам гралі з нашай дубровы Гімны вясною.Ценем тулілі вас у сьпякоту Нашы чарэсьні,Нашыя жнейкі ў жніўну работу Пелі вам песьні.Вашым патомкам нашыя маткі Казкі складалі:Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі Сеў засявалі.Верны славянскім спадкам, браточна Ў госьцях вас мелі,I шанавалі людска, сьвяточна Ў будні, ў нядзелі.∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙Сотні лет песьцім днямі і ночай Госьця на шыі —Зьмея, што з пуняў скарбы валоча, Скарбы чужыя.Вы ўжо забылі, людзі здарэньня, Дзе ваш прыпынак, —Вывелі ў гандаль славу сумленьне — Праўду на рынак.Сьлепа зракліся сораму, ўвагі, Ў хорамы селі, —Брацьцям жа ўзьдзелі лапці, сярмягі, Торбы надзелі…Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча Вашу нам шкоду:Зьліча праступкі… к суду пакліча Крыўда народу.