Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 59

Янка Купала

Роднае слова

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця. Мы нясьлі — ўсё ныла, гінула памалу, Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала. Не для нас сасонкі нашы зашумелі, Не для нас пасевы нашы зарунелі; Адно ты нам, слова, засталося верным, Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

*

Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, — Мы калі ўміралі, то ішлі на муку Для чужой карысьці, пад чужой прынукай. Сеючы ж і дома, і за домам косьці, — Дзе нас гналі нашы леташнія госьці, — Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі I здарма чакалі ад людзей падмогі…

*

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее, Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею, Ды таго ня вырвуць, што напела маці Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці. Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова, Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам, Як бяруць матулю у малой дзяціны, Як бяруць у бацькі апошняга сына!

*

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы зь небам сонца; Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе У благой і добрай мачысе-прыгодзе. I мы самі нават мо' не спазнавалі, Як у думках нашых цябе гадавалі, Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці Ад напраснай злосьці, ад людской напасьці.

*

Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай; Быў час — свае правы чужым дыктавала; І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, — Гэта або вецер, што ў платах трасецца, Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі Чалавечых думак, чалавечай долі, — Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны.

*

Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці, Грамадой мільёнаў зь сьветам гаманіці… З попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых Весела узойдзе рунь сьвятлянай славы, I радзімым словам рукой мазалістай Беларус упіша на старонцы чыстай Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе Сумную аповесьць роднай Беларусі.