Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 58

Янка Купала

7

Ох, як гляну, гляну я На жыцьцё паганае, Ціснуць думы знаныя, Жалем выліваныя. У цябе, саколіка, Ані свайго полейка, Ані свайго воліка, Ані свайго століка. Ходзіш ты вячорамі Зь ціхаю пакораю, Бачаць неба з зорамі, Полейка з разорамі. I клянеш напэўнае Гора не разьвейнае, Долю пустасейную, Долю безьзямельную. Толькі думы думныя Чуюць хмары буйныя, Хвойкі, елкі шумныя Дый ня людзі чуйныя. Вось, як гляну, гляну я На жыцьцё паганае, Бачу ўсё мне знанае, Сьлязьмі паліванае.

8

Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Сам — зь бядой, ні жыцьця, ні пуцьця! Знай, гаруй ды магілку хвалі. Дзень і ноч нада мной, сіратой, Стогне, сьцелецца стада хмурын, Дзень і ноч то сьлязой, то крывёй Сьцежку росіш адзін, сам адзін! З году ў год злыдні з кута ў куток Пруць у сьвет, сьвету знаць не даюць; Як вятрышчы сарваны лісток, Падхапілі, нясуць і нясуць. Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі, А ўсё пруць, усё ў сьвет, на той сьвет; Вось і звон, шмат званоў… Загулі… Бач, труна, пры труне адзін дзед. Жыў, ня жыў, шчасьця знаў, не зазнаў, Палажылі ў дамоўку — ляжы! Дайце ж камень на грудзь, каб ня ўстаў Безьзямельнік, гаротнік сьляпы!..

V. Сваім і чужым

Ужо днее…

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы, Суседзі, суседкі, вітаю я вас! Блудзіла я доўга па рытвах, па межах, Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз. Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая, Якім правам тут перад вамі стаю, Дзе дом мой, народ мой, — зь якога я краю, — Паслухайце смутную повесьць маю. З канца у канец, дзе загнанае слова Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё; Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё. З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных Ганялі, чаго не згубіла, шукаць. Глядзіце: во рукі і ногі у ранах, А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?! Па грудах, каменьнях хадзіла я босай, Крывёю чырвонай дабрыла зямлю; На шаты мае паглядалі з'укоса I песьню з насьмешкай віталі маю! З балотам мяшалі, пагардай плявалі Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной! З маім людам згінуць навек мне казалі, I страшна было мне так жыць сіратой! За сошкай, за коскай, зь сярпом і зь сякерай Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ; Заплатай было, што ён часам мне верыў I думкі снаваў аба мне з году ў год. Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, — Вада змыла наспы, крыжы пагнілі; Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі. Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою; Між віхраў, і бураў, і холаду зім Зь людской неразлучны ўзяла шлюб бядою, I тузаюць мной, як народам маім. Здушылі мне голас на родных на нівах; Крыж цяжкі упадку з народам нясла, I думаў чужынец, што ўжо я няжыва. Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла! Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала! Я жыва! Народ мой са мною, пры мне! Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай, Я сільна, я вечна ў сваёй старане! Прайшло засьляпеньне, мінае трывога; На небе ўжо новая відна зара. Шырок прада мною гасьцінец-дарога. Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!