Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 56

Янка Купала

2

Як спыніўся я за хатай,       Як пайшоў, — Ні прыстанішча, ні сьвята       Не знайшоў. Сьвецяць зоры дабрадзейна,       Зіхацяць, — Маёй толькі безьзямельнай       Не відаць. Я з рукамі позна, рана       К сім і тым: І к сваёму і да пана, —       Служу ўсім; I ару, і бараную,       Засяю, На ўрадлівасьць жа гляджу я       Не сваю! Пастыр стадка ў поле гоніць       I пяе: Дзе ж кароўкі, валы, коні,       Дзе мае? Ці на небе хмары тыя,       Ці ў вадзе? I сюды я, і туды я —       Ой, нідзе! За кусок той хлеба чорны       Ты аддай Сілу, думкі, — будзь пакорны       I чакай!.. Нямой рыбай аб лёд біся       Век-вяком I ў магілку паваліся       Бедаком. Вецер енчыць, сьвішча ў полі,       Вольна дзьме, Кляне, моліцца ў нядолі       За мяне. Ходзяць хмары чарадою       Над зямлёй, Плачуць, плачуць нада мною       Сіратой…

3

Што за шчасьце, што за доля,       Мой Божа! Ані хаткі, ані поля,       Ні збожжа!.. Па чужых кутах бадзяцца       Век трэба, I гавець, і адгаўляцца       Бяз хлеба, Гінуць сілы над чужою       Работай. Заліваесься сьлязою       З ахвотай. Ці тут п'яўкі, ці тут людзі —       Хто зьведаў? — Адно ўнуку сохнуць грудзі,       Як дзеду. Жывеш, мучысься бяз толку,       Бяз волі, Хоць жывы лезь у дамоўку       Зь нядолі. Пайду к пушчы загукаю       Да зоркаў, Як мне ў бедным родным краю       Жыць горка… Што за шчасьце, што за доля,       Мой Божа! Ані хаткі, ані поля,       Ні збожжа…

4

Растапілісь гурбы, Зачарнелі скібы, — Гайда, безьзямельнік! Пашукай сялібы! Шмат зямлі на сьвеце, Шмат на сьвеце хатак, — Толькі безьзямельных Мінуў гэты датак… Скідае куточак, Азярняціць поле, — Бач, пагналі далей, Гоняць без патолі! Пхнецца безьзямельнік, Стогне, уздыхае, — Падпякае сонца, Дожджык палівае. Вецярок калыша, Як галінку тую, Песеньку заводзіць, Як жыцьцё, старую… Не ўздыхай, мой родны! Знойдзеш, — прыйдзе сьвята: Слаўным, роўным станеш Зь бедным і багатым! З чатырох дылёвак Будзеш мець мясьціну, На век вечны поля Роўна тры аршыны. Ляжаш там, заляжаш, Бедачок сярмяжны, У дзянькі і ночкі Ціха і паважна… А цяпер, сягоньня, Па лясах, па скібах, Гайда, безьзямельнік, Пашукай сялібы!