Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 6

Уладзімір Сцяпан

* * *

Гутарка дзяцей, хутка і мая дачка гаварыць пачне.

* * *

Зь лёгкім сумам трываю галаўны боль, вясновы ветрык.

* * *

Самотны груган нізкую аблачынку зачапіў крылом.

* * *

Сьпілаваны сук на сухі асфальт упаў — безнадзейны хруст.

* * *

Вечар, парк стары, шоргат старэчых крокаў, азіраюся.

* * *

Перакулены сьвет у калюзе жыве… Шпурляю камень.

* * *

Качкі і кірлі лунаюць над вадою цёмнай Сьвіслачы

* * *

У пясочніцы алавяны салдацік пад дажджом заснуў.

* * *

Дзе схавалася за вясновай смугой маё юнацтва?

* * *

Сшытак бэзавы набыў, а што запісаць і ня ведаю.

* * *

Вечар. Мястэчка. Каля кожнай хаты сьлівы красуюць.

* * *

Маленькі пакой, фотаздымкі на сьцяне — твары знаёмых.

* * *

Набліжаюцца хмурынка і маладзік, аддаляюцца.

* * *

Атрутны водар магноліі напоўніў маёвую ноч.

* * *

Малады ліхтар, ты, напэўна, першы з нас павітаесься.

* * *

Рэдзенькі блакіт і празрыстая поўня над даляглядам.

* * *

Кардыяграма на стужцы папяровай, доўгай, бясконцай…

* * *

Гартаю кнігу, не чытаю, а гляджу рэпрадукцыі.

* * *

Навальніца, дождж, плачуць-плачуць ліхтары сьветлымі сьлязьмі.

* * *

Гляджу на поўню праз агеньчык запалкі — маленечкая.

* * *

Жаданьне заснуць? Не! Жаданьне прачнуцца і не засынаць.

* * *

Дом над вадою… О, колькі сноў вяртае мяне ў гэты дом.

* * *

Ты не гавары, што ня хочаш спаць зусім і ня любіш сон…

* * *

Наліваецца лякам цёплым, залатым ліст магноліі.

* * *

Сёньня чуйна спаў, слухаў празь няпэўны сон шолах дажджавы.

* * *

Знайшоў у лесе, зьбіраючы суніцы, драўляны гузік.

* * *

Залаты трысьнёг сее кропелькі расы ў сінюю ваду.

* * *

Выпаўзла жабка з-пад вільготных камянёў муху ўпаляваць.

* * *

Гладыёлусы, захутаныя ў марлю, едуць на кірмаш.

* * *

На суседзкі плот верабей пераляцеў зь яблыні маёй.

* * *

Невялікі сад, маладзіца босая яблык-штрыфель есьць.

* * *

У калянадзе прыемна схавацца — сонечны ранак.

* * *

Высокая столь, блакітныя шпалеры, сіні матылёк.

* * *

У маім двары сітаўка блакітная скача па пяску.

* * *

Рукі кабеты над дзіцячай калыскаю, чалавечы сьвет.