Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 4

Уладзімір Сцяпан

* * *

Мо застануцца нікім не пачутыя словы і думкі?

* * *

Пакой паўзмрочны. Лунае цюль фіранкі. Вільготны вецер.

* * *

Стаю ў лоджыі. Скончыўся цыганскі дождж, рыпіць фрамуга.

* * *

Бярозавы гай. Смак гаркавых лісточкаў. Важкі хрушч гудзе.

* * *

Патушыў сьвятло І пачуў — сьнег падае. Ноч па-над краем.

* * *

Валошку згледзеў і рады той сустрэчы ў чужой старонцы.

* * *

На сэрцы ўцешна: з-за хмар зірнула сонца імглістым ранкам.

* * *

Апала вішня — і ў шарую гадзіну дзень абярнуўся.

* * *

Зьнікае ў цемры ды зноў пад лямпіёнам кажан крыляе.

* * *

«Добрая душа», — пачуў пра свайго сябра. Ціхая радасьць.

* * *

Пралескі сумна палетак аглядаюць ля руін Крэва.

* * *

Нат і хвіліны спакою не зазнала маці ў самоце.

* * *

Імжысты ранак… Зноўку пішу краявід на пустым пляжы.

* * *

Сьвяты — хвіліны, калі адчуваю: праца ўдаецца

* * *

Сёньняшні сум, Нібы шэрань, што ранкам Кладзецца ў двары.

* * *

За каласочак Схапіўся для падтрымкі Ў хвіліну расстаньня.

* * *

Паліклініка… У стомленых паглядах — цяжар чаканьня.

* * *

О немаўлятка, што табе прысьнілася? Аж здрыганулася…

Адам Глёбус

* * *

Кропля падае на лілёвы цёмны лёд і плыве ў вясну.

* * *

Ціха, сьнег ідзе, Толькі каляндар сказаў — надыйшла вясна.

* * *

Вясновым ранкам паліць у парку сьмецьце малады салдат.

* * *

Чорная ліпа, спавітая слатою, чакае цяпла.

* * *

Вежы аблокаў над каменнай гарою заружавелі.

* * *

Раніца ў шыбу ціха пастукалася… Пара над кавай.

* * *

Блакітны ранак, апрану ўсё новае у гонар вясны.

* * *

Першы дзень вясны, трэба ўмывацца сьнегам з самай раніцы.

* * *

Ранак, варэльня, горка-салодкі водар — кубачак кавы.

* * *

Лапкі ядлоўца і пралескі на стале ў шкляначцы з вадой.

* * *

Капеж, дворнікі на даху рыдлёўкамі сякуць ледзяшы.

* * *

Хваёвы водар, кедравая ігліца блішчыць на сонцы.

* * *

Стаю на вежы з выбітымі шыбамі, над нашым сьветам.

* * *

Над могілкамі хмары плывуць няспынна. Сыходзяць сьнягі.

* * *

Шукаюць вочы сярод жоўтых аблокаў дарогі, птушак.

* * *

Дастаю штодня водар сьвежай газэты з паштовай скрыні.

* * *

За вакном сьнег. Кубачак гарачай кавы гатую сабе.